Адразу звяртаем увагу на словазлучэнне «будуць узводзіць»: гэта зусім не адно й тое самае, што "пабудуюць" і "ўвядуць у дзеянне".
Паводле Андрэя Пшонкі, завяршэння чакаюць толькі «будаўніцтва аднаго дзіцячага садка» у Віцебску і «дзіцячы садок на вуліцы Уладзіміра Леніна» у Оршы.
Будаўніцтва яшчэ аднаго садка, у новым віцебскім мікрараёне Білева, яшчэ толькі плануецца пачаць.Таксама запланавана будаўніцтва дзіцячага садка ў Лепелі і дома для сям'і, якая выхоўвае дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоў, у Глыбоцкім раёне. На якой стадыі гэтая планы – незразумела: мажліва, яшчэ нават няма праектнай дакументацыі для гэтых аб'ектаў.
Чытаем інфамацыю на сайце газеты «Витебские вести» далей. «Будуць працягнуты ўзвядзенне паліклінікі ў Полацку ў мікрараёне Аэрапорт, рэканструкцыя абласной інфекцыйнай бальніцы і абласной клінічнай бальніцы (з будаўніцтвам хірургічнага корпуса) у Віцебску. Таксама будзе ісці будаўніцтва ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы». Гэта значыць, што медычныя аб'екты, дзе будаўніцтва і рэканструкцыя расцягнуліся ўжо на некалькі гадоў, так і не будуць задзейнічаны.
Зноў- такі, яшчэ толькі «запланаваны рэканструкцыя Максімаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў (Гарадоцкі раён) і дамы інтэрната для састарэлых і інвалідаў у Віцебску». Але ўсё гэта падаецца чытачам як аповед пра аб'екты сацыяльнай сферы, якія будуць узводзіць у вобласці у наступным годзе.
Далей – пра спартовыя аб'екты. «У Віцебску ў мікрараёне Білева плануецца пачаць будаўніцтва шматфункцыянальнага спарткомплексу». Тут начальнік упраўлення камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама удакладняе : цяпер ідзе праектаванне. Але гэта працэс доўгі: спачатку працуюць архітэктары, потым праект зацвярджаецца, праходзіць акспертызу ў спецыялістаў і грамадскае абмеркаванне. Так што зусім не факт, што будаўніцтва хаця б распачнецца ў 2025 годзе.
«У Браславе працягнецца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу», -- кажа Андрэй Пшонка. Таксама не ўдакладняючы тэрмін увядзення аб'екта ў дзеянне.
Між тым, гэта важнае пытанне, якое застаецца без адказу.
Прыкладам, лазню ў Віцебску будуюць ужо 13 год. Старшыня віцебскага гарвыканкама Адяксей Героеў чарговы раз паабяцаў, што яна пачне функцыянаваць у 2025 годзе, але чамусьці начальнік упраўлення камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама пра гэта не згадвае.
Не менш паказальная гісторыя з фізкультурна-аздараўленчым комплексам у Шаркаўшчыне. Яго з'яўленне было запланавана яшчэ ў 2019 г. спецыяльным «Планам развіцця асобных рэгіёнаў, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця». Меркавалася рэканструяваць пустуючы лазнева-пральны камбінат пад ФОК з басейнам і сучасную грамадскую лазню.
Цагляны будынак былога камбіната агульнай плошчай 5739 квадратных метраў быў пабудаваны ў 1979 годзе. Але ён доўгія гады не выкарыстоўваўся і прыйшоў у заняпад. У лістападзе 2022 года яго ўзарвалі, бо не менш за 20% канструкцый адносіліся да IV катэгорыі небяспекі. Тым не менш, праходзіць па дакументах будаўніцтва праходзіць як "рэканструкцыя".
«В Шарковщине осенью начнется строительство физкультурно-оздоровительного комплекса с небольшим бассейном. Об этом журналистам на заседании облисполкома сообщил председатель Шарковщинского райисполкома Дмитрий Ломако», пісала БЕЛТА ў чэрвені 2023 года. Прайшло паўтара гады. На пытанне, калі ж адчыняць ФОК, не змог даць дакладнага адказу нават Старшыня Палаты Прадстаўнікоў Ігар Сяргеенка, які праводзіў сустрэчу ў райцэнтры. Не згадаў гэты аб'ект у сваіх абяцаннях і начальнік упраўлення камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама....
Віцебскі аквапарк – гісторыя, з якой у Віцебску ўжо смяюцца
У 2014 годзе ў горадзе абмяркоўвалі праект забудовы ціхага жылога раёна з пяціпавярхоўкамі паміж праспектам Люднікава, вуліцай Фрунзэ і Баумана. Там планавалася пабудаваць шматпавярхоўкі, падземны паркінг, школу з блокам пачатковых класаў і комплекс адпачынку з гандлёвым цэнтрам, офісамі, спартовым комплексам, гасцініцай і аквапаркам. У 2020 годзе ад гэтага плана засталіся толькі шматпавярхоўкі...
Цяпер аквапарк абяцаюць пабудаваць непасрэдна каля... будучай плошчай герба і сцяга! «Акватэрмальны комплекс узводзяць інвестары на пляцоўцы, якая прымыкае да будучай плошчы сцяга і герба, дзе ўжо ўсталяваны флагшток і працягваецца добраўпарадкаванне. Пра гэта паведаміў кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Яўген Семянычоў на сустрэчы з калектывам ТАА «НВЦ «Еўрапрыбор», -- паведаміла днямі газета «Віцьбічы». -- «Для рэалізацыі праекта інвестары выкупілі два вытворчыя карпусы ААТ «Віцязь», у якіх ужо ідзе дэмантаж канструкцый. У плане работ на 2025 год - рэканструкцыя збудаванняў. Акрамя таго, у ініцыятараў ёсць намеры набыць пад інвестпраект яшчэ адзін вытворчы будынак. У цэлым на гэтай пляцоўцы будзе створаны акватэрмальны комплекс, у склад якога таксама ўвойдуць рэстаран і гатэль. Мяркуецца, што забаўляльны комплекс стане новым месцам прыцягнення не толькі гараджан, але і жыхароў найбліжэйшых раёнаў.
Але пра гэты аб'ект ні слова не кажа начальнік упраўлення камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Андрэй Пшонка, распавядаючы пра перспектыўныя будаўніцтвы ў наступным годзе. Таму пытанне, ці будзе нарэшце аквапарк у Віцебску, зноў застаецца без адказу.
Маргарыта Мелехава