Калі прыехалі карэспандэнты, жыхар дома Павел Гук павёў іх у падвал, каб паказаць гэтую жахлівую карціну. І каб уключыць святло ў падвале і дацягнуцца да ўключальніка, яму давялося гэта рабіць вудай, бо там стаіць вада і смурод. А трэба ж было неяк паказаць усё пастаўскім карэспандэнтам. Дарэчы, як заўважылі мясцовыя карэспандэнты, яны адразу, яшчэ на ўваходзе, адчулі рэзкі і агідны смурод. Праўда, у сваім артыкуле ў раённай газеце яны назвалі яго пахам.
Як паведаміў Павел Гук, у доме №11 па вуліцы Зялёнай у Паставах ён жыве ўжо даўно, падобныя засоры каналізацыі адбываюцца пастаянна, як і затапленне падвалаў. А працаўнікі ЖКХ вясной спасылаюцца на вялікую колькасць грунтавой вады, а пасля на моцныя дажджы. Часам адкачваюць, але вада зноў напаўняе падвал. Паводле Паўла Гука, вынік нулявы і людзям ужо надакучыла жыць у антысанітарных умовах.
Паводле пастаўчаніна, жыхары дома ўжо гатовыя самі скласціся на набыццё новай трубы, якая выходзіць у каналізацыйны калодзеж. Акрамя таго для выпраўлення сітуацыі патрэбная яшчэ адпаведная тэхніка, спецыялісты, каб выкапаць старую трубу і пакласці новую. Але кіраўніцтва Пастаўскага ЖКГ да іх не прыслухоўваецца і ніякіх дзеянняў не робіць. Жыхары скардзяцца яшчэ і на тое, што нават адпампоўкі каналізацыі ім даводзіцца доўга чакаць.
Прадстаўнікі пастаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў сваю чаргу кажуць, што гэты дом і праблемы яго жыхароў ім таксама даўно вядомыя. Па іх словах, у доме №11 па вуліцы Зялёнай у Паставах часам топіцца не адзін падвал, а некалькі. Дом стары, трубы чыгунныя, частка – прапіленавая. Некаторыя з іх нават падпёртыя драўлянымі палкамі. На адпампоўку каналізацыі цэнтр гігіены звычайна дае суткі, і калі гэта не зробіць ЖКГ, яны абяцаюць напісаць зварот у пракуратуру.
Як паведаміў у сваю чаргу дырэктар Пастаўскага ЖКГ Фёдар Танана, праблем у іх з гэтым домам, як кажуць, з барадой. Калі праводзіўся капітальны рамонт дома №11 па вуліцы Зялёнай у Паставах, праектна-сметнай дакументацыяй не было прадугледжана замена труб у падвале. Мяняюць іх па меры выхаду са строю.
Таксама ён звярнуў увагу на тое, што жыхары дома паводзяць сябе не добрасумленна. ЖКГ перыядычна на дошцы аб’яў змяшчае інфармацыю, як правільна карыстацца каналізацыяй. І шмат хто не чытае гэтую інфармацыю ці ігнаруе. І ў каналізацыі яны часам знаходзяць сурвэткі, рыззё і нават чысткі ад бульбы і шмат іншага. Пры засмечванні каналізацыі і наступным зліве бытавых стокаў адбываецца затапленне. Фёдар Танана кажа, што яны праводзяць чыстку трубаправода, пасля чаго – прыборку і дэзынфекцыю падвала.
Дыяна Даніна