На мінулым тыдні ў Браслаўскім райвыканкаме арганізавалі нават цырымонію провадаў у адстаўку старшыні суда Браслаўскага раёна Вольгі Пракопчык і прадстаўленне на гэтую пасаду Сняжаны Калінічэнкі. У гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаў і старшыня Віцебскага абласнога суда Аляксандр Федзюкевіч, кіраўніцтва раёна, а таксама прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Браслаўшчыны, судоў заходніх рэгіёнаў Віцебскай вобласці.
Са словамі, што былых суддзяў не бывае, старшыня Віцебскага абласнога суда ўручыў Вользе Пракопчык пасведчанне суддзі ў адстаўцы і грамату Вярхоўнага Суда Беларусі.
Спадзяемся, што і ў Новай Беларусі яе “заслугі” перад грамадствам і “справядлівыя прысуды” не застануцца па-за ўвагай.
Старшыні райвыканкама і райсавета Вячаслаў Грышчанка і Ніна Пучынская выканалі звычайны рытуал для чыноўнікаў і павіншавалі Вольгу Пракопчык з новым этапам у жыцці і ў сваю чаргу адзначылі, што яна прафесіянал у сваёй справе, заўсёды дэманстравала добры ўзровень ведаў заканадаўства, правільна прымяняла іх у практычнай рабоце. А правільна для чыноўнікаў – гэта значыць, што на карысць уладаў. Яны ёй уручылі Ганаровую грамату райсавета.
Другая частка цырымоніі была прысвечаная прадстаўленню новага суддзі і старшыні суда Браслаўскага раёна Сняжаны Калінічэнкі. Яна нарадзілася ў 1980 годзе, атрымала вышэйшую адукацыю, у 2002 годзе скончыла ПДУ па спецыяльнасці "Правазнаўства". З лістапада 2010 года да гэтага часу займала пасаду суддзі суда г. Наваполацка. Мае другі кваліфікацыйны клас.
Старшыня Віцебскага абласнога суда і кіраўніцтва раёна выказалі ўпэўненасць, што Сняжана Калінічэнка стане дастойнай пераемніцай Вольгі Пракопчык. А гэта значыць, што ў Браславе не спыняцца і надалей палітычна матываваныя прысуды.
Мікола Пуд