Летась упраўленнем было назначана 329 пенсій, з іх у 267 выпадках – па ўзросце, у 14-ці – з улікам міжнародных дагавораў. Адмоўлена ў назначэнні з-за адсутнасці працоўнага стажу 13 грамадзянам.
Больш за ўсё пенсій на Докшыччыне атрымліваюць з Латвіі – 108 выпадкаў, далей ідзе Расея – 50 чалавек. Два чалавекі – па дагаворы з Літвой, па адным выпадку з Азербайджанам, Эстоніяй і Чэхіяй.
Па стане на 1 лютага сярэдняя пенсія па раёне склала 724,15 рубля.
“Рост відавочны, бо, калі параўноўваць з аналагічным перыядам летась, сярэдняя пенсія па раёне была 600,34 рубля. Калі цікава, то агульная сума налічаных пенсій склала 4 933 602,71 рубля”, - кажа Вольга Камінская.
Відаць, на рост сярэдняй пенсіі ўплывае і павышэнне пенсій з замежжа.
Паводле чыноўніцы, пераразлік пенсій часцей за ўсё робіцца з-за змянення стажу, заробку, адрасу пражывання, устанаўлення ці прадаўжэння групы інваліднасці, утрыманняў, а таксама пры прыёме на працу ці звальненні пенсіянераў.
Усяго ў 2023 годзе ў Докшыцкім раёне было зроблена больш за тысячу пераразлікаў.
“Пра ўсе новаўвядзенні і змены заканадаўства ў дачыненні да пенсій нашы спецыялісты імкнуцца інфармаваць кадравыя службы арганізацый. Рыхтуем артыкулы ў газету, тлумачальныя пісьмы, праводзім семінары, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы ў працоўных калектывах. Калі ўзнікаюць якія дадатковыя пытанні, заўжды заклікаем звяртацца ў нашу службу па нумарах 5-97-42, 5-97-47 і 5-97-48”, - падсумоўвае начальніца аддзела назначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Докшыцкага райвыканкама Вольга Камінская.
Эла Рукатая