Ведаць законы – гэта, канешне, добра, але каб іх яшчэ і выконвала дзяржава – было б выдатна. Але пакуль беларускія ўлады працягваюць “прамываць мазгі” школьнікам, займацца прафанацыяй і піярам так званых выбараў без выбару.
Паводле шаркаўшчынскай раёнкі, Любоў Кукуць з аграгарадка Германавічы, Анастасія Касарэўская і Дар'я Маліноўская з Шаркаўшчыны з лёгкасцю прайшлі раённы этап. Затым дзяўчаты сталі пераможцамі абласнога тура, прадэманстраваўшы выдатныя веды і сваю эрудыцыю. А затым шаркаўчанкі годна прадставілі вобласць ужо ў фінале.
Як кажуць дзяўчаты, да гэтага турніру яны рыхтаваліся працяглы час.
Паводле Любові Кукуць, навучэнкі 9 класа Германавіцкай сярэдняй школы, тэмай інтэлектуальнага спаборніцтва стала «Народаўладдзе ў Рэспубліцы Беларусь. Традыцыі, сучаснасць, будучыня». Да яго яна рыхтавалася з настаўнікам па грамадазнаўстве Ганнай Суднік. Давялося вывучыць усю Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, некалькі разоў перачытаць Выбарчы кодэкс, а таксама вывучыць інфармацыю аб Усебеларускім народным сходзе. Заняўшы першае месца на абласным этапе, узмоцнена рыхтавалася да рэспубліканскага, дзе стала пераможцам сярод дзевяцікласнікаў.
Падчас паездкі ў Менск дзеці сустрэліся і з так званымі дэпутатамі палаты прадстаўнікоў. Як кажа Любоў Кукуць, гэта дазволілі ўдзельнікам турніру больш даведацца пра работу дэпутацкага корпуса, а таксама пра тое, якімі якасцямі неабходна валодаць, каб стаць дэпутатам.
Наіўныя дзеці, якасць для такіх асобаў тут павінна быць адна – пакорліва прыслужваць рэжыму, які здзекуецца са свайго народа. Ні пра якае народаўладдзе ў Беларусі мовы няма. Гэта яскрава паказаў 2020 год, калі народ захацеў выказаць сваё меркаванне, а яго збілі дубінкамі, закатавалі і знішчылі апошнія астраўкі свабоды слова ў краіне.
Як кажа Анастасія Касарэўская, навучэнка 10 класа СШ № 1 г. п. Шаркаўшчына, фінальны этап турніру складаўся з дзвюх частак: неабходна было прайсці тэст і падрыхтаваць эсэ. Тэсціраванне, як і ў абласным туры, праходзіла ў анлайн-фармаце на дзіцячым прававым сайце. 30 хвілін давалася ўдзельнікам, каб адказаць на 20 пытанняў. У другой частцы яны пісалі эсэ на тэму "Усебеларускі народны сход у сістэме народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь". Пры гэтым тэма конкурснага эсэ стала вядома толькі перад самым пачаткам фіналу.
Паводле Дар'і Маліноўскай, навучэнкі 11 класа СШ № 1 гарадскога пасёлка, напэўна, самы важны навык, які яна набыла дзякуючы турніру "Сіла закона", - уменне нестандартна вырашаць пытанні. У будучыні яна плануе паступаць на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Калі гэтая дзяўчынка адэкватна ацэніць сітуацыю ў Беларусі, яна зразумее, што ў краіне юрыдычны і прававы калапс. І калі яна не захоча стаць механізмам рэпрэсіўнай сістэмы, то над сваім выбарам ёй трэба будзе дасканала падумаць.
Нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў па ідэалагічнай працы з моладдзю, у краіне яшчэ шмат юнакоў і дзяўчат, якія “прамыўцы мазгоў” не паддаюцца, бо ў іх пакуль ёсць альтэрнатыва – інтэрнэт.
А законы павінны ведаць і выконваць у краіне не толькі дзеці, але і сама ўлада.
Лілія Шаўцова