Як вынікае з агучанай на пасяджэнні статыстыкі, дзеля замацавання памяці пра мінулую вайну ў раёне і так зроблена нямала: у школах створана 15 музеяў і музейных пакояў, дзе абавязкова згадваецца вайсковая тэматыка. Прыкладам, летась у Акцябрскай сярэдняй школе стварылі музейны куток «Рэха вайны», абнавілі школьны музей у Суражскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова. Базавая Вымнянская школа імя Героя Савецкага Саюза Анатоля Углоўскага рэалізуе пошукавы праект «Коштам жыцця» - вучні шукаюць звесткі пра салдат, загінулых на тэрыторыі Вымнянскага сельсавета.
Так, многім школам ў Віцебскім раёне нададзены імёны Герояў Савецкага Саюза. Але чаму не запачаткаваць традыцыю называць установы культуры – бібліятэкі, школы мастацтваў і нават вуліцы імёнамі тутэйшых ураджэнцаў, якіх ведаюць далёка за межамі Віцебскага раёна? Газета «Віцьбічы» не толькі транслюе далёка не новую ідэю старшыні райсавета, але і выкладае ягоныя канкрэтныя прапановы: прыкладам, назваць адну з раённых бібліятэк імем пісьменніка Міхася Лынькова (дарэчы, у Віцебску ёсць бібліятэка, якая носіць ягонае імя), а мастацкую школу – імем сусветна вядомага мастака Іллі Рэпіна, сядзіба якога знаходзіцца на тэрыторыі Віцебскага раёна і ўжо даўно ператворана ў музей... Цікава будзе паназіраць, ці ўвасобяцца ў жыццё прапановы старшыні райсавета – ці загучаць у назвах устаноў Віцебскага раёна імёны беларускіх творцаў.
І яшчэ адна нестандартная па цяперашніх часах прапанова наконт папулярызацыі гісторыі і культуры прагучала на пасяджэнні прэзідыума райсавета. Віктара Дарожкіна. Ён лічыць карысным папулярызаваць веды пра Віцебскі раён сярод жыхароў расійскіх рэгіёнаў. Для гэтага ён прапанаваў распрацаваць адмысловы праект па стварэнні мабільнага музея – аўтобуса. Гэтую распрацоўку ён мяркуе даслаць на разгляд камісіі, якая размяркоўвае гранты Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Таксама вельмі цікава, што з гэтага атрымаецца, бо да гэтай пары ўстойлівым трэндам было памкненне пашыраць веды пра расійскую гісторыю і культуру на тэрыторыі Беларусі.
Анжаліка Фралова