Сваё меркаванне яна выказала на ўжо другой канферэнцыі раённага аддзялення партыі "Белая Русь", якая адбылася ў шаркаўшчынскай сярэдняй школе №1 пару дзён таму.
Як піша раённая газета “Кліч Радзімы”, вышэйзгаданае мерапрыемства пачалося з выканання прысутнымі гімна Беларусі. Пасля гэтага быў агучаны парадак дня. Сярод асноўных пытанняў - пра работу раённага аддзялення партыі "Белая Русь"; пра абранне дэлегатаў раённага аддзялення партыі на абласную канферэнцыю, пра абранне дэлегатаў на II З'езд Беларускай партыі "Белая Русь"; пра ўдзеле ў выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года.
- З моманту арганізацыі раённага аддзялення прайшло 6 месяцаў. За гэты час быў вырашаны шэраг статутных і юрыдычных пытанняў. Нашая партыя выказвае інтарэсы беларускага народа, як адзінага цэлага. Мы падзяляем ідэалогію беларускай дзяржаўнасці. Галоўнае, што нас усіх аб'ядноўвае - гэта жаданне жыць у моцнай, квітнеючай, усімі намі любімай Беларусі, - сказала Людміла Стома.
Трэба заўважыць, што шаркаўшчынскі ідэолаг занадта перабольшвае ўплыў сваёй партыі. Гэтая пралукашэнкаўская партыя адназначна не выказвае інтарэсы беларускага народа як адзінага цэлага.
Таксама разглядаўся і парадак выплаты членскіх унёскаў. Пра гэта расказала кіраўнік раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Дзіяна Чапулёнак.
Паводле шаркаўшчынскіх чыноўнікаў, якія ў асноўным прысутнічалі на імпрэзе, наперадзе ў іх арганізацыі вялікія планы, у тым ліку ўдзел у грамадска-палітычных падзеях, умацаванні шэрагаў структуры і гэтак далей.
А галоўны ідэолаг пасёлка і кіраўнічка шаркаўшчынскага аддзялення “Белай Русі” Людміла Стома акцэнтавала ўвагу на тым, што перад членамі партыі стаіць галоўная задача - кансалідаваць беларускае грамадства. Таксама яна
адзначыла, што моладзі раёна, актыўнай, ініцыятыўнай і мэтанакіраванай, трэба больш актыўна далучацца да партыйнага жыцця.
А як улады Беларусі ўмеюць кансалідаваць грамадства, ужо ўсім вядома. Таму наўрад ці гэта атрымаецца і ў праўладнай партыі “Белая Русь”. Бо дручкамі, здзекамі, пераследам і гвалтам ніякае грамадства не кансалідуецца, а толькі заганяецца ў абмежаваныя рамкі.
Ягор Хрол