Пятніца, 17 Лістапад 2023

У Оршы збіраюцца паставіць новую Дошку гонару. Такую, як у Віцебску – за 67 тысяч даляраў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З гэтай ідэі мясцовая газета вырашыла зрабіць інтрыгу: напісала, што рэдакцыі ўдалося здабыць фотаздымкі праекта і запыталася ў чытачоў, як яны ставяцца да таго, што новую Дошку гонару ўсталююць на цэнтральнай плошчы.

Праект, дарэчы, нідзе не публікаваўся, што найборльш абурыла чытачоў «раёнкі», і грамадскага абмеркавання таксама не абвяшчалі. Між тым, калі меркаваць па выяве ў «Аршанскай газеце», раённая дошка гонару будзе поўнай копіяй абласной, якую ўсталявалі ў 2020 годзе. Паводле падлікаў партала «Народныя Навіны Віцебска», гэтая канструкцыя абышлася гарадскому бюджэту ў 67 тысяч даляраў па тагачасным курсе.

Чытацкае абмеркаванне разгарнулася ў сацыяльных сетках газеты. Аршанцы абураюцца тым, што цяперашняя дошка гонару, якая месціцца каля будынка райвыканкама, цалкам выконвае свае функцыі. А перанос, тым болей вырабленне новай будзе каштаваць немалых грошай – тым часам як у горадзе ёсць шмат праблем, на вырашэнне якіх бракуе фінансавання.

Жыхары Оршы прыгадалі, што цэнтральная плошча і так выглядае не найлепшым чынам: тут і помнік Леніну, і клумбы, і фантаны, і навагодняя ёлка ўзімку... Яшчэ адзін элемент інфраструктуры абсалютна не дадасць прыгажосці гарадскому краявіду, лічаць удзельнікі абмеркавання.

На сайце райвыканкама аніякіх звестак пра праект новай дошкі гонару няма. Адкуль пра яго даведалася «Аршанская газета», так і засталося незразумелым. Прадстаўнікі рэдакцыі ў абмеркаваннях не ўдзельнічаюць, хаця самі правакавалі чытачоў выказвацца адносна ідэі пра перанос дошкі гонару ў іншае месца ў іншым выглядзе.

Валянціна Трус