Ліфт запрацаваў толькі 8 жніўня, пасля паўгода рамонту. Паводле раёнкі, рамонт зацягнуўся на такі працяглы тэрмін таму, што стацыянарныя пад’ёмнікі, такія, як у пастаўскага ліфта, больш не вырабляюць. І таму рамонтнікам спатрэбілася пашыраць шахту.
Паводле загадчыцы паліклінікі Патаўскай ЦРБ Таццяны Дацэнка, яны не хацелі прычыняць нязручнасці людзям з парушэннямі апорна-рухальных функцый, таму пасля папярэджання медрэгістратара ўсе лекары часова прымалі іх у кабінеце №14 на першым паверсе паліклінікі. Таксама ў гэты кабінет пускалі медсясцёр для забору аналізаў і перавязкі. На першым паверсе можна было зрабіць УЗІ, рэнтген і ЭКГ. Стаматалагічную дапамогу яны аказвалі ў спецыялізаваным кабінеце каля прыёмнага пакою.
Але нягледзячы на гэта, адсутнасць рабочага ліфта выклікала ў наведвальнікаў дыскамфорт. Як сцвярджае Таццяна Дацэнка, зараз болевая кропка ліквідаваная, і ўсе задаволеныя.
Па звестках “Пастаўскага краю”, кошт работ па запуску ліфта склаў 132 тысячы беларускіх рублёў, гэта крыху больш за 52 тысячы даляраў.
Ігар Лукашэвіч