На фестываль «Добрая справа» запрасілі мясцовых рамеснікаў і ўдзельнікаў клубаў народнай кухні. Атрымаўся ўжо знаёмы ўсім фармат «горада майстроў» з продажам сувеніраў і выступамі спачатку чыноўнікаў, а потым мастацкай самадзейнасці. Фотарэпартаж пра гэтую імпрэзу апублікавала раённая газета «Чырвоны прамень». Каб параўнаць з тым, што адбывалася падчас сапраўднай «Справы», дастаткова паглядзець мінулагодні фотарэпартаж «раёнкі» або пагартаць фотаздымкі тут ці тут.
Раённаму аддзелу культуры не ўдалося арганізаваць імпрэзу такім чынам, каб яна зацікавіла ранейшых наведнікаў фэсту. Яна атрымалася звычайнай, шэраговай, без узлёту фантазіі і натхнення.
Арганізатары сапраўднай «Справы», абвясціўшы, што селета фестываль ладзіць не будуць, абяцалі правесці яго ў 2024 годзе.
Каб лепей уявіць сабе, што страціў рэгіён, прамяняўшы сучасны інтэлектуальны фестываль на псеўдафальклорнае свята, рэкамендуем пачытаць пра тое, з чаго пачыналася «Справа» і якія перспектывы бачылі арганізатары незвычайнага фестывалю.
Ганна Чарэйская