Паводле дакументаў дзяржзакупкі, у калідорах будынка размесцяць некалькі пано і кампазіцый, у прыватнасці, кампазіцыя «Губернатары Віцебскай вобласці». Але не з выявамі сапраўдных гумернатараў часу існавання Віцебскай губерніі, а з партрэтамі чатырох былых старшыняў Віцебскага аблвыканкама.
Сіметрычна ёй размесцяць галерэю з партрэтамі першых сакратароў Аргбюро ЦК КП(б)Б (назва Кампартыі Беларусі, якая ўжывалася да 1952 года). Таксама ў інтэр'еры павінны з'явіцца тры пано з гістарычнымі асобамі: беларускім першадрукаром Францыскам Скарынам і манахіняй ды асветніцай перыяду Полацкага княства святой Еўфрасінняй Полацкай, а таксама кіеўскай княгіняй Вольгай, якой прыпісваецца заснаванне Віцебска ў 974 годзе (праз 5 гадоў пасля яе смерці). Пры гэтым Вольга намаляваная на фоне барочных віцебскіх храмаў XVIII стагоддзя, там жа намаляваныя гербы Віцебска 1597 і 1781 гадоў, а таксама прывілей Полацку на магдэбургскае права, выдадзеныя вялікім князем Аляксандраў у 1498 годзе. Увогуле ж кіеўская княгіня ўдастоілася малюнка двойчы — другі яе партрэт ужо ў выглядзе іконы размешчаны ў цэнтры кампазіцыі з прынтамі фатаграфій і паштовак другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзяў.
Таксама прадугледжаная кампазіцыя з гербамі раённых цэнтраў, якія будуць размяшчацца з двух бакоў ад малюнка карты Віцебскай вобласці. І гербы, і карта будуць выкананы ў розных адценнях залацістага колеру. Лесвічную пляцоўку ўпрыгожаць празрыстыя панэлі з арнаментам, які выкарыстоўваецца на дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб і цэнтральная паласа арнаменту таксама будуць залацістага колеру.
Інтэр“ер у стылі «дорага-багата» плануюць абнавіць за дзяржаўныя сродкі. Цікава параўнаць суму ў 150 000 рублёў з выдаткамі на, прыкладам, установы адукацыі Віцебшчыны, якія таксама вымагаюць рамонту. Напрыклад, аварыйны рамонт даху над будынкам сярэдняй школы ў Суражы каштуе 16 800.84 BYN, аварыйны рамонт сістэмы элекстразабеспячэння ў Альгоўскай сярэдняй школе -- 1 881.23 BYN , бягучы рамонт вадаправоднай сеткі ў віцебскай мастацкай школе №1 ацэнены ў 5 300 BYN, на замену вокнаў у сярэдняй школе №11 патрэбныя грошы ў суме 19 764.45 BYN ... Пералік можна працягваць, але і так зразумела, колькі ўсяго можна адрамантаваць на тыя грошы (нагадаем, з дзяржаўнага бюджэту!) , якія чыноўнікі вырашылі патраціць на аздабленне калідораў у аблвыканкаме.
Маруся Шчоткіна