Як паведаміў пракурор раёна Юрый Кезік, у бягучым годзе ў ходзе рэйдавых мерапрыемстваў выяўляліся факты парушэння патрабаванняў заканадаўства аб захаванасці ўласнасці, у большасці выпадкаў абумоўленыя грэблівым стаўленнем адказных работнікаў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу да выканання сваіх абавязкаў або іх поўным бяздзеяннем, якое пацягнула ў далейшым крадзеж грамадскай маёмасці.
У прыватнасці, у многіх сельгасарганізацыях належным чынам не ахоўваюцца мехмайстэрні, да тэхнікі, якая знаходзіцца там, матэрыяльным каштоўнасцям доступ не абмежаваны, пашкоджаны агароджы, запорныя ўстройствы. На тэрыторыі і ў боксах з тэхнікай часта складуецца будаўнічае і бытавое смецце, разукамплектаваная тэхніка.
Такія парушэнні выяўвілі ў "Відзаўскім", "Браслаўскім", "Слабодцы-агра" і іншых сельгаспрадпрыемствах раёна. На думку пракурора, вышэйназваныя факты садзейнічаюць учыненню маёмасных злачынстваў, у выніку якіх арганізацыям АПК наносіцца матэрыяльны ўрон.
«Да прыкладу, - кажа Юрый Кезік, - у кастрычніку мінулага года ў РАУС паступіла паведамленне аб крадзяжы металу, частак цыстэрнаў аб'ёмам 50 і 25 кубічных метраў паблізу в. Нурвяны, якія належаць КУСП “Відзаўскі”. У выніку праверкі было ўстаноўлена, што крадзеж лістоў металу агульнай вагой 590 кілаграмаў учынены ў дзённы час. Урон, прычынены сельгаспрадпрыемству, склаў 182 рублі. Акрамя таго, вінаватыя асобы злілі на зямлю 36 тон карбаміда-аміячнай сумесі, якая знаходзілася ў цыстэрнах, агульным коштам амаль 24 тысячы рублёў, чым прычынілі КУСП “Відзаўскаму” матэрыяльную шкоду на гэтую суму.
Вышэйзгаданыя цыстэрны знаходзіліся ў полі ва ўрочышчы Чорная гара працяглы час, ніяк не ахоўваліся і не выкарыстоўваліся па прызначэнні».
Пракуратурай раёна ў інтарэсах прадпрыемства накіравана іскавая заява ў суд аб спагнанні з вінаватых асоб гэтай шкоды.
Сёлета ў першым паўгоддзі Браслаўская пракуратура правяла 3 праверкі выканання заканадаўства аб захаванасці ўласнасці ў прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу. Па іх выніках вынесеныя 2 прадстаўленні, 3 прадпісанні, 8 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 2 - да адміністрацыйнай, 8 - да матэрыяльнай.
Эла Шумская