«Падчас пасяджэння былі закрануты актуальныя пытанні», – піша «раёнка». Цікава было б ведаць, якія? Але замест канкрэтыкі чытачам дадаюць яшчэ больш шматзначнай дэмагогіі: «У прыватнасці, пра неабходнасць падвышэння эфектыўнасці міжведамаснага ўзаемадзеяння падчас вырашэння комплексных задач па стварэнні даступнага асяроддзя». Паўстае пытанне, пра якія менавіта задачы вядзецца гаворка? Адказу зноў няма.
Хацелася б ведаць, што ўжо зроблена ў дадзеным накірунку, бо на пасяджэнні «вялося пра вынікі выканання Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі па правах інвалідаў на 2017 -2025 гг. за 2022 год». Толькі гэта, мусіць, вялікая таямніца раённага маштабу, бо ў артыкуле не згадана ніводнага здзяйснення на карысць людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Сказаць, што іх пакінулі па-за ўвагай, таксама бадай што нельга. Бо на пасяджэнні «абмяркоўвалі ход выканання запланаваных мерапрыемстваў па стварэнні даступнага асяродку». Аднак, што і дзе запланавана, зноў засталося «за кадрам». Таксама «слухаліся пытанні пра прыцягненне да працоўнай дзейнасці грамадзян, якія маюць інваліднасць» і пра распаўсюд «новых форм культурнай асветы людзей з інваліднасцю». І на гэтым усё: нічога канкрэтнага, апрача расплывістых фармулёвак.
Напрыканцы падобных пасяджэнняў прынята падводзіць вынікі. Абмеркаванне правоў інвалідаў на Сенненшчыне таксама скончылася падобным чынам: «Прысутныя далі аб’ектыўную ацэнку зробленым захадам». Якую канкрэтна, ведаюць хіба толькі ўдзельнікі пасяджэння ды аўтар артыкула, што таксама палічыў за лепшае не публікаваць сваё імя і прозвішча.
Жанна Жалейка