«Павіншаваць са святам» пяці-шасцігадовых выхаванцаў дзіцячай установы прыйшлі прадстаўнікі Дэпартамента аховы Чыгуначнага раёну разам са службовым сабакам. Старшы інспектар па прафесійнай падрыхтоўцы групы кадраў Міхаіл Гунько распавёў дзетсадаўцам «пра мужную і нялёгкую работу супрацоўнікаў іхнага ведамства». Потым дзеці ацанілі вывучку сабакі Тайсана, які выступіў пад кіраўніцтвам кінолага Дзмітрыя Шарыка. А скончылася ўсё так званай «спартландыяй» з удзелам бацькоў.
Загадчыца дзіцячага садка №105 Святлана Глушаненка пераканана, што такія мерапрыемствы дапамагаюць выхоўваць «пачуццё патрыятызму, далучанасці да найлепшых традыцый сваёй Радзімы». Аднак падобна, што на вачах у цяперашніх дзяцей нараджаецца традыцыя зусім новая – любымі спосабамі надаць вагі «сілавікам», бо аўтарытэт міліцыі ў грамадстве далёка не высокі.
«Абаронцамі Айчыны « супрацоўнікаў міліцыі назваць даволі складана, хаця б ужо таму, што бараніць мірнае жыццё і суверэнітэт краіны закліканы вайсковыя падраздзяленні. Але нават з нагоды 23-га лютага на іх забыліся, абвясціўшы новымі героямі міліцыянтаў.
Таццяна Віктарава