Сёлета ў мерапрыемствах, прымеркаваных да Міжнароднага дня Халакосту узяў удзел часовы павераны ў справах Ізраіла ў Рэспубліцы Беларусь Цві Міркін. Разам з прадстаўнікамі мясцовых уладаў ён усклаў кветкі да мемарыяльнага знаку ў Ілаўскім яры, дзе праводзіліся масавыя расстрэлы габрэяў. Гэты знак з’явіўся за кошт ахвяраванняў сваякоў расстраляных, і выглядае ён куды больш салідна і эстэтычна за сімвал няспраўджаных абяцанняў на месцы віцебскага гета.
Таксама ў Віцебску быў уручаны дыплом і памятны медаль Праведніка народаў свету Дар’і Красікавай , жыхарцы вёскі Дубраўка Лёзненскага раёну. У лютым 1942 г. яна ўратавала ад загубы габрэйскіх дзяцей Тамару і Барыса Хацьянавых. Яны з вялікай удзячнасцю згадвалі сваю выратавальніцу, якая пайшла з жыцця ў 1986г. Памятны медаль за Дар’ю Красікаву атрымаў яе ўнук Іван. Ен паабяцаў, што перадасць яго ў якасці экспаната ў Лёзненскі краязнаўчы музей – каб кожны наведнік мог пакланіцца смелай беларускай жанчыне, якая рызыкавала сваім жыццём дзеля ўратавання іншых.
Эмілія Траяновіч