Нядзеля, 17 Май 2015

Урад Беларусі спыніў ліставаньне з КПЧ наконт скаргі жыхара Віцебску Міхаіла Жураўлёва

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падставай для гэткага радыкальнага рашэньня беларускіх уладаў стала тая акалічнасьць, што скаргу спадару Жураўлёву падрыхтаваў і ад яго імя накіраваў у Камітэт ААН па правох чалавека (КПЧ) праваабаронца Павал Левінаў.

З камэнтара ўраду вынікае тое, што беларуская дзяржава дужа пакрыўдзілася на Камітэт за рэгістрацыю скаргі Жураўлёва, дасланую Левінавым. Да таго ж незадаволенасьць дзяржавы выклікала тое, што Камітэт не зрабіў ласку паведаміць уладам пра прычыны, па якіх ахвяра – М. Жураўлёў ня змог падаць сваю скаргу самастойна. Такім чынам, беларускія ўлады мяркуюць, што была парушаная працэдура падачы скаргі ў КПЧ.

Акрамя таго, дзяржава – меркаваны парушальнік Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правох настойвае на тым, што Камітэт па правох чалавека не павінен разглядаць ніякіх паведамленьняў ад асобы, пакуль не пераканаецца ў тым, што гэтая асоба вычарпала ўсе даступныя ўнутраныя сродкі прававой абароны.

Абгрунтоўваючы сваё патрабаваньне, беларуская дзяржава ў сваім камэнтары на скаргу Жураўлёва піша: «Інфармацыя, якая зьмяшчаецца ў паведамленьні, сьведчыць пра тое, што асобаю, ад імя якой прадстаўленае паведамленьне, не былі вычарпаныя ўсе даступныя ў Рэспубліцы Беларусь сродкі прававой абароны. Міхаіл Жураўлёў не скарыстаўся правам звароту ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь».

Угледзеўшы ў названых фактах працэсуальныя парушэньні, беларускія ўлады адхілілі скаргу Жураўлёва і паведамілі Камітэту, што далейшы разгляд КПЧ скаргі Жураўлёва будзе расцэньвацца дзяржавай як заахвочваньне аўтара, Паўла Левінава, да дзеяньняў, якiя не прадугледжаныя працэдурнымі дакумэнтамі Камітэту, і злоўжываньня правам звароту ў міжнародныя органы.

У апошнім сказе свайго камэнтара ад 26 сакавіка 2015 году ўрад Беларусі паведамляе Камітэту пра спыненьне далейшага ліставаньня зь ім наконт скаргі Міхаіла Жураўлёва.

У сваім зваротным камэнтары праваабаронца Павал Левінаў рашуча адкідае ўсе аргумэнты дзяржавы Рэспублікі Беларусь, на падставе якіх яно спыніла ліставаньне з КПЧ ААН, і ацэньвае іх як безгрунтоўныя і ў працэсуальным, і ў фактычным сэнсе.

Праваабаронца сьцьвярджае, што права накіраваць зварот у КПЧ ад імя Міхаіла Жураўлёва ён атрымаў пасьля афармленьня афіцыйнага дакумэнту – даверанасьці ад апошняга на вядзеньне справы ў Камітэце. У самым паведамленьні адзначана, што Міхаіл Жураўлёў зьяўляецца пэнсіянэрам-інвалідам і ня можа сам паўнавартасна падрыхтаваць скаргу ў КПЧ.

Варта адзначыць, што ў міжнароднай практыцы такія адносіны паміж заяўнікам і яго падапечным прызнаюцца законнымі і абгрунтаванымі і зьяўляюцца дастатковымі для абароны асоб ва ўсіх інстанцыях аж да міжнародных.

Левінаў таксама паведамляе, што пастанова судзьдзі суду Першамайскага раёну Віцебску Натальлі Карабліной, якой у кастрычніку 2012 году Міхаіл Жураўлёў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд газэты «Віцебскі Кур'ер», была абскарджаная і ў касацыйным, і ў наглядным парадку. Але ўсе беларускія судовыя інстанцыі адмовілі яму ў абароне яго грамадзянскіх правоў.

Што тычыцца аргумэнту дзяржавы, быццам бы Міхаіл Жураўлёў ня вычарпаў усе ўнутраныя сродкі прававой абароны, не падаўшы скаргу ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, дык насамрэч такая скарга была пададзеная ў красавіку 2013 году, і Генпракуратура даручыла яе разгляд пракурору гораду Віцебску. Пракурор гораду правам прынясеньня пратэсту на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да Міхаіла Жураўлёва не скарыстаўся. Такім чынам, выводзіць Левінаў, Жураўлёвым былі вычарпаныя ня толькі ўсе ўнутраныя эфэктыўныя, але і надзвычайныя сродкі прававой абароны.

З гэтага праваабаронца робіць выснову, што ў яго дзеяньнях адсутнічаюць парушэньні працэдур ААН, на падставах якіх Камітэт па правох чалавека павінен завяршыць разгляд скаргі Жураўлёва, і настойвае на далейшым яе разглядзе.

Віцебская вясна