Нядзеля, 03 Красавік 2016

Віцебская міліцыя сама прыдумляе злачынствы?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На сайце Віцебскага УУС зьявіўся артыкул пра пэнсіянэрку, якую падманулі махляркі. Навіна гэтая - дакладная копія злачынства, апісанага ў расейскіх СМІ 2 гады таму.

«У міліцыю Віцебску зьвярнулася пэнсіянэрка з заявай пра ашуканскія дзеяньні. Жанчына распавяла паліцыянтам, што пад выглядам зьняцьця псуты яе падманулі дзьве невядомыя жанчыны», - пачынаецца матэрыял на сайце УУС. Але адкуль у Віцебску паліцыянты, падумае ўважлівы чытач?

Адказ на гэтае пытаньне дасьць пошукавая сыстэма Google, паведамляе сайт «Народныя навіны Віцебска». З дапамогай якой можна знайсьці наступны тэкст: «У паліцыю Обнінску зьвярнулася пэнсіянэрка з заявай пра ашуканскія дзеяньні. Жанчына распавяла паліцыянтам, што пад выглядам зьняцьця псуты яе падманулі дзьве невядомыя жанчыны», які быў разьмешчаны больш за два гады таму на сайце kaluga-poisk.ru.

Як бачым, рэдактар назву гораду зьмяніў, а вось памяняць паліцыянтаў на міліцыянтаў - забыўся. А так у тэксьце адна і тая ж гераіня - 78-гадовая пэнсіянэрка. Толькі ў Обнінску яна ішла з аптэкі, а ў Віцебску вярталася з крамы. І там, і там махляркі пералічваюць састарэлай жанчыне яе хваробы і прапануюць зьняць псуту ня толькі зь яе, але і з сына. А для гэтага ўпрошваюць зьняць усе грошы з ашчаднай кніжкі.

У обнінскім выпадку, праўда, вядзецца пра 46 000 расейскіх рублёў, а аўтар віцебскага артыкулу піша ўжо пра 9 500 даляраў. Напэўна, беларускія пэнсіянэркі павінны быць больш заможнымі, ніж расейскія.

Гэтую ж навіну пасьпела перадрукаваць БелТА:

Навошта спатрэбілася афіцыйнаму сайту віцебскай міліцыі разьмяшчаць такі тэкст - застаецца загадкай. Магчыма, гэта такі арыгінальны спосаб прафіляктыкі - «страшылка» для даверлівых грамадзян, каб былі асьцярожнейшымі зь незнаёмцамі. А мо’ для рэальнага выпадку, які адбыўся ў Віцебску, лянівы работнік прэс-службы ўзяў расейскі тэкст як аснову і паставіў на сайт, няўважліва перапрацаваўшы? У кожным разе, такія матэрыялы не дадаюць даверу да інфармацыі УУС.

Крыніца: Хартыя'97