Нядзеля, 13 Сакавік 2016

Віцебскім актывістам пагражае крымінальны перасьлед за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Праверку дзейнасьці т.зв. Генэральнага савету па стварэньні грамадзкага аб'яднаньня «За сумленную ўладу» на прадмет парушэньня яго лідэрамі артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу ладзіць Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Калі ў выніку будзе выяўлена, што прыхільнікі «Сумленнай улады» зьдзейсьнілі злачынства, прадугледжанае згаданым артыкулам КК, ім пагражае пакараньне штрафам, арыштам ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да 2-х гадоў.

Ініцыятарамі праверкі зьяўляюцца Мін'юст і аблвыканкам. Адпаведныя паперы паступілі ў РАУС Кастрычніцкага раёну зь Віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў. У межах праверкі старшыня «Генэральнага савету» Пётар Іваноў ужо двойчы выклікаўся ў міліцыю, дзе даў тлумачэньні. Таксама ад актывіста запатрабавалі дакумэнты пра ўтварэньне і дзейнасьць савету.

На заўвагу спадара Іванова, што праект статуту міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «За сумленную ўладу» ёсьць у інтэрнэце ў адкрытым доступе, старшы лейтэнант міліцыі Сяргей Веракса заявіў, што яму патрэбныя дакумэнты на папяровым носьбіце.  У выніку міліцыянты атрымалі ў карыстаньне ня толькі праект статуту стваранага грамадзкага аб'яднаньня на 25-ці старонках, але таксама «Палажэньне аб Генэральным савеце» , пратакол і парадак дня сходу, на якім савет быў утвораны, ды іншыя паперы.

«Упэўнены, што ў службовай дзейнасьці беларускіх міліцыянтаў будзе толк і вялікі прагрэс, калі іх абавяжуць вывучыць праект статуту стваранага міжнароднага аб'яднаньня «За сумленую ўладу» і здаць па ім залікі», – з гумарам адзначыў Пётар Іваноў у адной са сваіх публікацыяў у сеціве.

Паводле Пятра Іванова, ніхто з прыхільнікаў «Сумленнай улады» ня дзейнічаў ад імя незарэгістраванай арганізацыі. «Мне вядомыя нормы артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, таму ні я, ні іншыя 11 сяброў Генэральнага Савету па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «за Сумленную ўладу» не вядуць дзейнасьць ад імя... аб'яднаньня, а прадстаўляюцца сябрамі Генэральнага савету па яго стварэньні», – такое тлумачэньне даў актывіст міліцыянтам.

Цяпер прадстаўнікі дзяржавы мусяць разабрацца, ці адпавядаюць рэчаіснасьці словы Пятра Іванова, і ці ня ёсьць сам «Генэральны савет па стварэньні» той незарэгістраванай арганізацыяй, удзел у складзе якой падпадае пад дзеяньне Крымінальнага кодэксу.

Генэральны савет па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «За сумленную ўладу» быў утвораны ў Віцебску ў лютым 2014 году. Згодна з «Палажэньнем аб Генэральным савеце», гэты савет утвараецца з грамадзян Беларусі і Расеі (Пётар Іваноў – грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі). Паводле Іванова, у склад савету ўваходзяць 12 сяброў.

Публічная дзейнасьць сяброў савету палягае збольшага ў разьмяшчэньні артыкулаў на сайце «Свабодны рэгіён» за подпісам Пятра Іванова і ягоных паплечнікаў, дзе яны  прапагандуюць ідэю «Сумленнай улады», якую называюць «боскай». Таксама актывісты займаюцца напісаньнем зваротаў у розныя дзяржаўныя органы і ўстановы, у якіх, як і ў артыкулах на згаданым сайце, заяўляюць пра сябе як пра сяброў «Генэральнага савету». 

Кастусь Дзьвінскі