Актывісты «Хайсоў» дамагаюцца высьвятленьня акалічнасьцяў меркаваных масавых забойстваў часоў сталінізму ды ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных ахвяр, парэшткі якіх знойдзеныя ў лясным масіве непадалёк ад аднайменнай вёскі.
Нагадаем, каб разабрацца ў справе, камісія Мазалаўскага сельскага савету 13 траўня наведвала лясны масіў ля вёскі Хайсы. У склад камісіі ўваходзілі старшыня сельскага выканаўчага камітэту Леанід Дубіна, кіраўнік справаў сельвыканкаму К. Кавалёва, лясьнічы Лосьвідзкага лясьніцтва А. Ліпчанскі. На месца выезду быў запрошаны і прадстаўнік стваранай грамадзкай ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў.
У дасланым па выніках азнаямленьня з акалічнасьцямі справы адказе ў прыватнасьці паведамляецца, што Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь па Віцебскім раёне ў цяперашні момант праводзіць «экспэртызу парэшткаў людзей, знойдзеных у раёне в. Хайсы» з мэтай высьвятленьня іхнай «даўнасьці».
Таксама з уласнае ініцыятывы, нібыта на падставе інфармацыі, атрыманай ад мясцовых жыхароў, сельскі выканкам правярае вэрсію пра магчымае пахаваньне там асобаў, што загінулі ў часы Другой сусьветнай вайны. У сувязі з гэтым была дасланая заяўка ў Віцебскі абласны вайсковы камісарыят аб «правядзеньні раскопак на ўказаным месцы з мэтай усталяваньня пэрыяду і характару пахаваньня».
Само па сабе досыць лягічнае дзеяньне ўладаў не павінна, на першы погляд, выклікаць ніякай насьцярогі з боку грамадзкасьці. Аднак, як сьцьвярджаюць актывісты ініцыятывы «Хайсы», паводле сьведчаньняў вяскоўцаў, якія жылі ў тыя часы, ніякага масавага зьнішчэньня мірнага насельніцтва з боку нямецкіх захопнікаў у іхных мясьцінах не было. А вось пра зьнішчэньне там рэпрэсаваных у 30-х гадох ведаюць нават тыя, хто нарадзіўся пасьля вайны. Таму, на думку актывістаў, гэтая спроба высьвятленьня «гістарычнай праўды» можа быць яўнай ці неўсьвядомленай спробай падмены, імкненьня уладаў скіраваць грамадзкую думку ў звыклы для яе ідэалягічны калідор «фашысцкага тэрору».
Як сьцьвярджаецца пры канцы ліста з Мазалаўскага сельвыканкаму, па выніках экспэртызы мясцовыя ўлады будуць вызначаць «месца і парадак пахаваньня знойдзеных парэшткаў».