Серада, 26 Жнівень 2015

Пракуратура прааналізавала, як на Віцебшчыне змагаюцца з карупцыяй

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пракуратурай Віцебскай вобласьці прааналізаваная дзейнасьць праваахоўных органаў па прадухіленьні, выяўленьні і спыненьні злачынстваў карупцыйнай скіраванасьці.

Сёлета апэратыўнымі службамі выяўлена і пастаўлена на ўлік 51 карупцыйнае злачынства. Найбольшая колькасьць такіх злачынстваў зарэгістравана ў арганізацыях АПК – сем, на транспарце і ў сыстэме аховы здароўя – па шэсьць. Па крымінальных справах гэтай катэгорыі выяўленая матэрыяльная шкода на агульную суму 2,9 мільярду рублёў, зь якіх пакрыта 1,2 мільярду рублёў (42,5%), накладзены арышт на маёмасьць на суму 1,7 мільярду рублёў.

Разам з тым праваахоўнымі органамі не заўсёды выкарыстоўваюцца дадзеныя заканадаўствам паўнамоцтвы ў сфэры барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі, канстатуюць у пракуратуры.

У прыватнасьці, не надаецца належнай увагі выяўленьню і спыненьню злачынстваў, зьвязаных з парушэньнем парадку бюджэтнага фінансаваньня дзяржаўных праграм, закупак прадукцыі за бюджэтныя сродкі, заключэньнем і выкананьнем інвэстыцыйных дагавораў.

Доўгі час не выяўляліся злачынствы карупцыйнай скіраванасьці ў Браслаўскім, Докшыцкім, Дубровенскім, Расонскім, Сеньненскім раёнах, Аршанскім АУСТ.

Не заўсёды забясьпечваецца цеснае ўзаемадзеяньне праваахоўных органаў падчас правядзеньня апэратыўных мерапрыемстваў, распрацоўкі матэрыялаў, распачынаньня і расьсьледаваньня крымінальных спраў.

Неабходна паляпшаць узаемадзеяньне праваахоўных і кантралюючых органаў у пытаньнях прызначэньня і правядзеньня праверак фінансава-гаспадарчай дзейнасьці прадпрыемстваў і арганізацыяў.

Па-ранейшаму дапускаюцца факты няякаснага разгляду органамі дазнаньня заяў і паведамленьняў аб парушэньні антыкарупцыйнага заканадаўства.

Не ва ўсіх выпадках праваахоўнымі органамі прымаюцца належныя меры па ўстараненьні прычын і ўмоў, якія спрыяюць учыненьню карупцыйных правапарушэньняў. Дапускаюцца факты неналежнага разгляду службовымі асобамі прадпрыемстваў і арганізацыяў пастаноў, што выносяцца па выніках праведзеных праверак.

Крыніца: БелаПАН