Новае аддзяленьне міліцыі знаходзіцца ў Віцебску па адрасе вул. 33-й Арміі, 29. Абслугоўваць мікрараён будуць 8 участковых і 5 супрацоўнікаў крымінальнага вышуку.
“У сувязі з інтэнсіўным разьвіцьцём мікрараёну зьявілася вострая неабходнасьць пераразьмеркаваньня сілаў і сродкаў органаў унутраных справаў для забесьпячэньня аховы грамадзкага парадку, асабістай і маёмаснай бясьпекі грамадзян”, – гаворыцца ў паведамленьні УУС.
Спасылаюцца таксама на павелічэньне ў Білеве колькасьці выклікаў па паведамленьнях і заявах аб злачынствах і адміністрацыйных правапарушэньнях.
Чырвоную стужку на адкрыцьці перарэзалі начальнік абласной міліцыі Іван Кубракоў і начальнік Першамайскага РАУС Віцебску Аляксандар Чарняўскі.
Іван Кубракоў, прамаўляючы да падначаленых, заўважыў, што лепшага падарунку да прафэсійнага сьвята (4 сакавіка – Дзень міліцыі) “складана было і прыдумаць”.
Удзельнікаў імпрэзы блаславіў “на ратную працу і добрыя справы ў новых сьценах” праваслаўны сьвятар храму Сьвятога Георгія пратаярэй Генадзь.
У віцебскім мікрараёне Білева жыве каля 40 тысяч чалавек. Раней гэтую тэрыторыю абслугоўвалі чатыры ўчастковых інспэктары Першамайскага РАУС.
Фота: uvd.vitebsk.gov.by