Гэтая сума ўдвая большая за тую, якая фігуравала ў бюджэце на 2018 год. Тады плянавалася папоўніць абласны бюджэт штрафамі ўсяго на 417 тыс. рублёў. Рашэньне Віцебскага абласнога савету дэпутатаў было апублікаванае 23 студзеня.
У 6 разоў меншы прафіцыт
Абласны бюджэт, Віцебшчыны на 2019 год зацьверджаны ў суме 1 млрд. 276 млн. 934 тыс. 479 рублёў з прафіцытам 5,6 млн. рублёў. У параўнаньні зь леташнім бюджэтам закладзеная сума павялічылася на 216 млн. рублёў, але прафіцыт у шэсьць разоў зьменшыўся.
Дакумэнтам устанаўліваецца, што гранічныя памеры дэфіцыту кансалідаваных бюджэтаў раёнаў і бюджэту гораду Віцебску складуць на канец году нуль рублёў, а бюджэту Наваполацку – 940 тыс. рублёў.
Устанаўліваюцца таксама мінімальныя нарматывы бюджэтнай забясьпечанасьці выдаткаў на ахову здароўя, адукацыю, правядзеньне капрамонтаў і рэканструкцый аб’ектаў ЖКГ.
Колькі выдаткуюць на сацыяльную сфэру
Амаль удвая скароцяцца расходы на ахову навакольнага асяродзьдзя, менш грошай пойдзе на культуру, затое больш дадуць дзяржаўным СМІ.
- Ахова навакольнага асяродзьдзя: 189 тыс. 454 рублі (у 2018-м – 318 тыс. рублёў).
- Жыльлёва-камунальныя паслугі і жыльлёвае будаўніцтва: 94 млн. 318 тыс 218 рублёў (летась – 74,5 млн.).
- Ахова здароўя: 249 млн. 616 тыс. 100 рублёў (у 2018 – 224,2 млн).
- Фізычная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі: 16 млн. 929 тыс. 383 рублі (у мінулым годзе – 19,5 млн.).
- Адукацыя: 99 млн. 604 тыс. 612 рублёў (летась – 97,7 млн).
- Сацыяльная палітыка: 57 млн. 579 тыс. 142 рублі (у 2018-м – 48,3 млн.).
Колькі плянуюць выдзеліць на нацыянальную абарону
Паводле рашэньня, улады плянуюць выдаткаваць з абласнога бюджэту 605 тыс. рублёў на нацыянальную абарону (забесьпячэньне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі). У 2018 годзе на гэты артыкул абласнога бюджэту выдзялялі ўсяго 297 тыс. рублёў – у тры разы меней.
Зьміцер Міраш