Канфіскаваць бел-чырвона-белы сьцяг пастанавіла судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна.
Андрусь Кешанюк спрабаваў абскардзіць яе рашэньне ў абласным судзе, а потым вышэй, і толькі старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала заўважыў судовую памылку. Ён пастанавіў выключыць з пастановаў згадку пра канфіскацыю рэчавых доказаў, бо гэта не прадугледжана артыкуламі пра незаконнае пікетаваньне (ч. 2 арт. 23.34 КаАП) і непадпарадкаваньне міліцыянтам (23.4 КаАП), паводле якіх актывіста пакаралі.
Аднак на сваё патрабаваньне вярнуць незаконна забраную маёмасьць Андрусь Кешанюк атрымаў адмову за подпісам начальніка Першамайскага райаддзелу МУС Аляксандра Чарняўскага. Маўляў, вярнуць ня можам, бо выканалі пастанову суду ў частцы канфіскацыі маёмасьці «у даход дзяржавы» — зьнішчылі сьцяг разам з бамбукавым тронкам.
Актывіст будзе патрабаваць кампэнсацыі за страчаную маёмасьць, а праваабаронца Павал Левінаў упэўнены, што зьвяртацца трэба ня толькі ў органы МУС, але і ў Сьледчы камітэт, і ў пракуратуру.
«Усё пачалося зь некампэтэнтнасьці судзьдзі Карабліной. Прычым ня толькі ў самой пастанове: чамусьці яна накіравала яе „для выкананьня“ ў міліцыю, хаця мусіла ў аддзел выкананьня пакараньняў. У Першамайскім РАУС таксама прадэманстравалі некампэтэнтнасьць: узяліся яе выконваць. І зьнішчылі чужую маёмасьць „на карысьць дзяржавы“. Гэта ня проста адсутнасьць лёгікі — гэта праява службовай неадпаведнасьці як віцебскіх судзьдзяў, так і міліцэйскага кіраўніцтва», — лічыць праваабаронца.
На яго думку, за такія службовыя пралікі трэба жорстка караць. Бо «сёньня яны зьнішчаць „у даход дзяржавы“ сьцяг, а заўтра — аўтамабіль» і потым напішуць «вярнуць няма магчымасьці».
БС, svaboda.org