Кожнаму задаваліся два аднолькавыя пытаньні:
- Не сакрэт, што сёньняшняя ўлада вельмі нэрвова рэагуе на ўсё, што зьвязана зь беларускай самасьвядомасьцю: на нацыянальныя сымбалі – бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня, на беларускую мову і беларускую культуру і гэтак далей. Як вы мяркуеце, пра што можа сьведчыць той факт, што гэтую канфэрэнцыю ўлады дазволілі правесьці ў дзяржаўнай установе, у абласной бібліятэцы імя Леніна? Гэта нейкая гульня?
- Многія экспэрты кажуць пра аб'яднаньне Беларусі і Расеі як пра немінучы факт. А наколькі вы лічыце такое аб'яднаньне імаверным? І што трэба рабіць, каб пазьбегнуць інтэграцыі? Ды ці трэба наогул нешта рабіць?
Вось што адказалі суразмоўцы.
Сяргей Тарасаў, кандыдат гістарычных навук, г. Менск:
- Я ня думаю, што гэта гульня. Мне падаецца, што так ці інакш мы ўсе працуем на дзяржаву, і так ці інакш усе працуюць у гэтай дзяржаве, і мы павінны заўсёды ісьці адно аднаму насустрач, а нават і на дапамогу. Але так здарылася, што частка, скажам так, беларускіх гісторыкаў на сёньняшні дзень апынулася паза межамі дзяржаўных установаў. Але яны ад гэтага ня сталі небеларускімі гісторыкамі. І я лічу, асабліва апошнімі гадамі мы ўсе працуем на адну ідэю, на адну мэту. І гэтай мэтай зьяўляецца наша беларуская дзяржава.
- Я б так сказаў, што рабіць кожны павінен на сваім месцы – гэта ў першую чаргу. А ўсім разам трэба проста вучыць нашу ўласную гісторыю. Вось паглядзіце: наш саюз з Расеяй. Пасьля таго як мы перасталі змагацца з тэўтонамі, перасталі змагацца з крымскімі татарамі, з кім мы потым ваявалі? Ваявалі прычым з 16 стагодзьдзя і па канец 18-га? Мы ваявалі выключна з Масквой.
Калі кажуць што беларусы – мірныя людзі, выбачайце, князь Альгерд хадзіў на Маскву, паставіў сваю дзіду і сказаў «Князь Маскоўскі, памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквой». Потым Стэфан Баторый ваяваў з Масквой. Потым пачалося жудаснае 17 стагодзьдзе, вайна 1654-1667 гадоў. Маскоўская дзяржава захапіла амаль усю тэрыторыю Беларусі. Потым пачаліся падзелы Рэчы Паспалітай. Калі пачалася напалеонаўская вайна 1812 году, беларусы цэлымі шэрагамі пайшлі ў войска Напалеона ў надзеі на аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага. Таму казаць, што мы ў адной дзяржаве і мы братэрскі народ, не выпадае ніяк.
Я мяркую, што калі нейкія размовы ідуць аб нейкім аб'яднаньні, то гэта ўсё марна. Наш шлях заўсёды быў эўрапейскім і нікуды мы ад яго не падзенемся. Вось просты прыклад прывяду. Дзе ў Расеі, за Смаленскам, існуе хоць адзін горад, які меў бы Магдэбурскае права? Іх там проста няма. Магдэбурскае права – гэта выключна эўрапейская зьява. За Смаленскам гэта ўжо іншая цывілізацыя, іншая дзяржава. І наш шлях, вядома, эўрапейскі, а не маскоўскі.
Ніна Стужынская, кандыдат гістарычных навук, г. Менск:
- Я думаю, што зьнешнія рызыкі ўжо такія, што адчуваецца, што мы можам апынуцца на маршы «Назад у БССР». І пагроза сувэрэнітэту відавочная. Гэта калі нават кінуць позірк на ўсе гэтыя публікацыі ў расейскіх СМІ, дзе ўжо не саромеюцца і дзеляць, што называецца, нашу дзяржаву. І, вядома, відаць, што ідзе нейкая лібэралізацыя ў бок культурны і гістарычны. Паглядзіце, у мінулым годзе адсьвяткавалі 100-годзьдзе БНР. Нават дазволілі канцэрт у гонар чарговай гадавіны Слуцкага паўстаньня, чаго ні разу не было, таму што слуцкія ўлады самыя «саўковыя» з усёй Беларусі. І, вядома гэта, адчуваецца. Адчуваецца, што трон захістаўся вельмі моцна.
- Ведаеце, я, як гісторык, заўсёды аналізую мінулае. Мінулае – яно ўвесь час паўтараецца зь невялікай папраўкай на новыя абставіны. Я, вядома, баюся праекту «БССР». Вельмі баюся. Таму што вельмі ўтульна нармальна жыць у самастойным уласным нацыянальным доме. І людзі ўжо гэта адчулі. Беларусам спадабалася жыць у нацыянальным асобным доме. Гэта вялікая-вялікая каштоўнасьць. На жаль, наша ідэалёгія, нашы, скажам так, школы, афіцыйная публічная прастора – яны чамусьці накіраваныя ўвесь час на Маскву, на прарасейскія каштоўнасьці, на тое, каб прынізіць свабодных беларусаў. Гэта вельмі і вельмі крыўдна. Таму небясьпека, вядома, існуе.
Заўсёды вырашае ўзброеная сіла. Калі б у БНР была армія ў свой час, то яшчэ не вядома, які б быў расклад. А калі БССР унесьлі на штыках Чырвонай арміі пасьля таго, як немцы сышлі зь беларускіх тэрыторыяў, тады і расклад быў такі: у каго узброеныя сілы і ў каго сілавікі – тыя і вырашаюць.
Андрэй Ляховіч, палітоляг, г. Менск:
- 1). Быў пэўны пэрыяд, калі такія падзеі, як цяперашняя канфэрэнцыя, разглядаліся наогул як немагчымыя. Да 2014 году было цяжка сказаць, што беларуская ўлада мае пэўную цікавасьць да беларускай гісторыі, беларускай мовы. Пасьля 2014-га, пасьля анэксіі Крыму і захопу Расеяй усходніх рэгіёнаў Украіны для ўлады было бачна, што стварэньне ідэнтычнасьці на прыкладзе такога «гома савецікус» можа мець вельмі небясьпечныя наступствы. Для ўлады было бачна, што яна можа страціць уладу і трэба будаваць ідэнтычнасьць на іншым падмурку.
З 2014 году былі першыя такія сыгналы, што даецца згода на большую колькасьць мерапрыемстваў на беларускай мове. Сталі адзначацца дні беларускага пісьменства. Улетку 2017 году нарэшце быў скасаваны так званы чорны сьпіс, то бок была скасаваная забарона на выступы беларускіх музыкаў на беларускай мове – Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, гурту «Брута».
Бачна, што ўлада мае пэўныя надзеі, што атрымаецца інкарпараваць беларускую мову ў нейкую ідэалягічную мадэль. Але разам з тым бачна, што побач з мерапрыемствамі, якія адбываюцца на беларускай мове, ёсьць такія крокі, як адмова ўлады ад тых пэрыядаў у гісторыі Беларусі, якія сьведчыць аб тым, што беларускае грамадзтва заўсёды прагнула незалежнасьці. Бачна, што ёсьць пэўная згода ўлады на беларускую мову пры тым, што сама ўлада робіць у гэтым кірунку вельмі мала. Галоўным чынам улада дала зялёнае сьвятло грамадзкім ініцыятывам па папулярызацыі беларускай мовы. - Пра гэта кажуць расейскія спадары, якія называюць сябе экспэртамі. Я такі сцэнар не разглядаю. Насамрэч Расея занадта эканамічна слабая і вельмі зацікаўленая, каб быў скасаваны цяперашні ўзровень санкцыяў Захаду, якія ціха і павольна забіваюць расейскую эканоміку. Расея ня можа захапіць Беларусь ваеннай сілай. Бо яна сутыкнецца зь яшчэ больш жорсткімі эканамічнымі санкцыямі Захаду. Напрыклад, абмежаваньне пакупкі расейскай нафты, адключэньне Расеі ад сыстэмы банкаўскіх разьлікаў SWIFT. Таму найбольш імаверны сцэнар цяперашняга расейска-беларускага канфлікту – гэта тое, што Лукашэнка натуральна застанецца пры сваёй пасадзе. Расея ня мае вялікіх вагароў, каб адсунуць яго ад прэзыдэнцкай пасады, але Лукашэнка пойдзе на пагаршэньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі. Але разам з гэтым пагрозы незалежнасьці Беларусі няма. Беларусь захаваецца як незалежная краіна.
Уладзімер Бяляўскі