Падзея, якая спрычынілася да судовага разбору ў дачыненьні да грамадзкага актывіста, адбылася наступнага дня пасьля стогадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі. Андрусь Кешанюк вырашыў павіншаваць супрацоўнікаў віцебскага Белтэлекаму з гэтай важнай для беларускай нацыі датай. З раніцы 26 сакавіка ён чакаў сваіх былых калегаў ля ўваходу ў будынак прадпрыемства. Як мае быць, у руках ён трымаў бел-чырвона-белы сьцяг. Павіншаваць як сьлед не атрымалася. Неўзабаве актывіста затрымалі.
На думку праваахоўнікаў, сваімі дзеяньнямі ён парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, ды яшчэ не падпарадкаваўся законным патрабаваньням міліцыянтаў. Пастановай судзьдзі Першамайскага райсуду Віцебску Андрусь быў аштрафаваны на 4 базавыя велічыні (98 рублёў) паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП і на 6 базавых (147 рублёў) паводле артыкулу 23.4. Агульная сума штрафу склала 245 рублёў. Сьцяг і дрэўка былі канфіскаваныя.
18 красавіка абласны суд, у якім Андрусь Кешанюк аспрэчваў рашэньне раённага суду, пакінуў адміністрацыйнае спагнаньне бяз зьменаў.
У пошуках справядлівасьці віцебскі актывіст дайшоў да Вярхоўнага суду. 12 лістапада старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала разгледзеў у парадку нагляду адміністрацыйную справу Андруся Кешанюка і пастанавіў выключыць з рашэньняў суду Першамайскага раёну Віцебску і Віцебскага абласнога суду згадку пра канфіскацыю рэчавых доказаў. Бо такое адміністрацыйнае спагнаньне не прадугледжанае ніводным з артыкулаў, паводле якіх актывіст быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці.
Андрусь Кешанюк патлумачыў Віцебскай вясьне:
– Мяне некалькі зьдзіўляе і трошкі радуе, што адмянілі ранейшыя пастановы адносна канфіскацыі маёй маёмасьці: сьцяга і дрэўка. А так – усё было зразумела загадзя. Што можна было чакаць ад гэтай сыстэмы? Я і не чакаў нічога. Хаця Вярхоўны суд – гэта іншы ўзровень: кажуць, што часам рашэньні прымаюцца і на карысць людзей. Ня ведаю, якія падводныя плыні ўплываюць на станоўчыя рашэньні, але кажуць, цуды здараюцца. У маім выпадку цуду ня здарылася. Пэўна, плыні рухаліся як звычайна.
Маючы на руках пастанову буду пісаць заяву аб вяртаньні майго сьцяга і дрэўка.
С. Горкі