Рашэньне Віцебскага аблвыканкама аб унясеньні зьменаў у пералік дзяржаўных сацстандартаў было апублікаванае 11 студзеня 2019 году. Ранейшыя стандарты дзейнічалі ад 2011 году. Ці палепшыліся?
1 лекар на 1,5 тыс. дарослых людзей
Паводле старых нарматываў, 1 лекар агульнай практыкі прыходзіўся на 1,3 тыс. жыхароў, 1 участковы тэрапэўт – на 1,7 тыс., 1 участковы ўрач-пэдыятар – на 0,8 тыс. дзіцячага насельніцтва.
Што зьмянілася? Амаль нічога. Але ў новай рэдакцыі нарматыў забясьпечанасьці лекарамі агульнай практыкі ўдакладнілі такім чынам: 1 лекар – на 1,3 тыс. дарослага і дзіцячага насельніцтва і 1 лекар – на 1,5 тыс. дарослага насельніцтва.
Як мы зразумелі, цяпер у мясцовасьці, дзе “дзіцячага насельніцтва” зусім няма, будуць кіравацца больш нізкім стандартам.
Хуткая дапамога: 3 брыгады на 15 тыс. жыхароў
Зазнаў зьмены і стандарт забясьпечанасьці брыгадамі хуткай дапамогі. Паводле ранейшага нарматыву, адна брыгада хуткай мэдычнай дапамогі мусіла прыпадаць на 12 тыс. чалавек. Цяпер інакш:
- 2 брыгады хуткай мэдычнай дапамогі – на раён з насельніцтвам да 15 тыс. чалавек.
- 3 брыгады – на раён з насельніцтвам ад 15 да 35 тыс. жыхароў.
- 3 брыгады – на 35 тыс. жыхароў плюс дадаткова 1 брыгада на кожныя 12 тысяч жыхароў звыш 35-ці тысяч.
Шырокапалосны інтэрнэт – ад 300 жыхароў
І нарэшце пра інтэрнэт. Тут дзейны ад 2011 году нарматыў палепшылі аж у 5 разоў.
Паводле новага стандарту, магчымасьць атрымаць паслугі шырокапалоснага доступу ў сетку Інтэрнэт павінны мець жыхары ўсіх населеных пунктаў з насельніцтвам 300 жыхароў і больш (раней было – ад 1,5 тыс. жыхароў).
Да ведама: яшчэ некалькі стандартаў (2011)
- Наяўнасьць грамадзкіх прыбіральняў у гарадах і гарадзкіх пасёлках: ня менш за адну на 1 тыс. жыхароў.
- Удзельная вага асьветленых вуліц: ня менш за 80%.
- Нарматыў забясьпечанасьці дзяцей дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі: 85%.
- Нарматыў забясьпечанасьці выдаткаў на культуру ў пераліку на аднаго чалавека: 1,5 базавыя велічыні (зь іх 1,3 б.в. – за кошт бюджэтнага фінансаваньня).
Зьміцер Міраш