Сужэнцы былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі па падазрэньні ў перавышэньні ўлады і атрыманьні хабараў за станоўчае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у іх кампэтэнцыю.
41-гадовага Ўладзімера Дранеўскага абвінавачваюць у карупцыйных злачынствах, прадугледжаных часткай 3 артыкулу 430 КК (атрыманьне хабару асобай, якая займае адказную пасаду) і часткі 3 артыкулу 426 КК (перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказную пасаду), а яго жонку – у дапамаганьні ў атрыманьні хабару (артыкул 16, частка 3 артыкулу 430 КК).
З моманту затрыманьня чыноўнікі знаходзяцца пад вартай. Расьсьледаваньне карупцыйнай справы працягваецца, пра гэта паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю СК. На асабістай старонцы Дранеўскай бачна, што апошні раз яна яе наведвала 26 чэрвеня.
На пасаду старшыні Браслаўскага райвыканкаму Ўладзімер Дранеўскі быў прызначаны ў канцы студзеня 2015 году, да гэтага ён з 2010 году працаваў дырэктарам Чашніцкага ЖКГ. Алена Дранеўская ў гэты час працавала таксама на пасадзе начальніка аддзелу эканомікі, толькі Чашніцкага раённага выканаўчага камітэту. У пары Дранеўскіх двое сыноў.
Спадар Дранеўскі мае дзьве вышэйшыя адукацыі – па спэцыяльнасьцях «мэханізацыя мэліярацыйных і водагаспадарчых работ» і «бухгальтарскі ўлік, аналіз і аўдыт». Абодва дыплёмы ён атрымаў у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Перад тым, як узначаліць Чашніцкае ЖКГ, Уладзімер Дранеўскі пасьпеў папрацаваць участковым мэханікам Чашніцкага будаўніча-эксплёатацыйнага прадпрыемства мэліярацыйных і водагаспадарчых сыстэм, майстрам філіялу Лукомльскага вытворчага ўпраўленьня газавай гаспадаркі РВУ «Лукомльрайгаз» і начальнікам станцыі дыягностыкі ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства №9».
У 2011 годзе Ўладзімеру Дранеўскаму надалі ганаровае званьне «Чалавек году Віцебшчыны» за асабісты ўнёсак у разьвіцьцё камунальнай галіны.
Нагадаем, што з 2011 па 2015 год Чашніцкі райвыканкам узначальваў Уладзімер Булай, які быў спачатку арыштаваны па падазрэньні ў злоўжываньнях службовымі паўнамоцтвамі асобай, якая займае адказную пасаду, а менш як праз паўгода апынуўся ў крэсьле дырэктара ААТ «Кляновічы» ў Крупскім раёне Менскай вобласьці.
Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc