Уначы Аляксандар захацеў быў прыняць гарачую ванну, але з крана гарачай вады ішла толькі халодная. Каля трох кубоў вады выліў ён, чакаючы гарачую, і палічыў гэта нядобрасумленнасьцю камунальнікаў: лічыльнік вады круціўся, і, адпаведна, заплаціць давядзецца як за гарачую, хоць тэмпэратура была ня больш за 25 градусаў. Не дачакаўшыся гарачай ванны, грамадзянін пачаў тэлефанаваць у дзяржаўныя службы, у тым ліку і ў міліцыю.
Нягледзячы на прысутнасьць мэдычных работнікаў, якія прыбылі разам зь міліцыянтам, апошні заяву пра крадзеж з крана гарачай вады прыняў. І патлумачыў: маўляў, пасьля 12-й ночы гарачую ваду ў кватэры не пастаўляюць у мэтах эканоміі. Санітары, паслухаўшы Аляксандра, з разуменьнем сышлі.
Варта адзначыць, што жыхар Барані ўжо апыняўся ў падобнай сытуацыі. Некалькі гадоў таму пасьля звароту ў міліцыю ён нават на тры дні трапіў у псыхіятрычны шпіталь. Тады спадар Мухін ня толькі змог даказаць у судзе сваё псыхічнае здароўе, але і адсудзіць у дзяржавы грашовую кампэнсацыю маральнай шкоды ў выглядзе досыць буйной сумы за прымусовае зьмяшчэньне ў шпіталь. І Аршанскі, і Віцебскі абласны суды тады прызналі яго правату.
Паводле orsha.eu