Рашэньне прадугледжвае, што ўжо за верасень 2017 году карыстальнікі будуць плаціць за 1 кубамэтар вады 0,5748 рублёў. Гігакалёрыя цяпла будзе каштаваць 16,9259 рублёў.
Падаражэлі таксама паслугі каналізацыі: за адзін кубамэтар адведзеных водаў заплацім 0,3838 рублёў. Падвысіліся кошты і за паслугі водазабесьпячэньня у садовых таварыствах (0,5748 рублёў за 1 кубамэтар).
Актуальныя кошты на паслугі ЖКГ з сайту Віцебскага гарвыканкаму .
Агулам за карыстаньне паслугамі ЖКГ беларусы будуць плаціць цяпер на 8% больш. Апошні раз “камуналка” даражэла сёлета 1 сакавіка.
Нагадаем, што з 1 верасьня былі таксама праіндэксаваныя кошты на электраэнэргію, а таксама на прыродны ды звадкаваны газ. Наступнае падаражэньне паслугаў ЖКГ чакаецца ўжо ў сьнежні.
"Але ж мы ўжо з траўня плацім па 89 капеек за кубамэтар! Чаму?.."
Цалкам натуральнае пытаньне. Сапраўды, пачынаючы з траўня 2017 году, віцябляне бачылі ў сваіх жыроўках іншы тарыф - 0,8876 рублёў за кубамэтар, і аплачвалі паслугі водакарыстаньня згодна з гэтымі лічбамі.
Як патлумачылі нам на прадпрыемстве “Віцебскводаканал”, у жыроўках выстаўляецца сумарны тарыф за паслугі водазабесьпячэньня і каналізацыю (водаадвядзеньне). Гэта значыць, што ў кастрычніцкіх жыроўках будзе пазначаны тарыф 0,96 за 1 кубамэтар, то бок, па сутнасьці, будзем плаціць 1 рубель за кубамэтар выкарыстанай вады. 10 “кубоў” пацягнуць на 10 рублёў. Вада становіцца усё больш каштоўнай.