Ва ўмовах, калі большасьць партыяў і грамадзкіх арганізацыяў амаль не праяўляюць палітычнай актыўнасьці, сустрэча гаварыпраўдаўцаў са старшынём гарвыканкаму і абмен думкамі па шэрагу пытаньняў сталі прыкметнай падзеяй у палітычным жыцьці абласнога цэнтру.
Удзел у сустрэчы ўзялі кіраўнікі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Вазьняк, а таксама каардынатар па Віцебскай вобласьці Лідзія Сагідуліна ды сябра абласной рады арганізацыі Алег Квяцінскі.
Апошні распавёў нашаму карэспандэнту пра пытаньні, якія ўзьнялі на сустрэчы прадстаўнікі грамадзкага аб'яднаньня:
– Сам факт таго, што на сустрэчу з намі замест запланаванага раней Валянціна Цьвяткова [першы намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму – рэд.] прыйшоў старшыня, кажа шмат пра што. Дый немалаважная тая акалічнасьць, што ўлады наогул ідуць з намі на кантакт і гатовыя канструктыўна размаўляць. Бо раней яны часьцяком папросту ігнаравалі грамадзка-палітычную актыўнасьць.
У нас быў цэлы пакет прапановаў. У прыватнасьці, намі ўздымалася пытаньне пра сумна вядомае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». Як высьветлілася, гарвыканкам пакуль не плянуе ўносіць у рашэньне якія-небудзь зьмены. Са свайго боку мы прапанавалі замест ужо вызначаных для правядзеньня масавых мерапрыемстваў месцаў падабраць новыя, разьмешчаныя бліжэй да цэнтру гораду, бліжэй да людзей. Бо месцы апрыёры павінны адпавядаць тым задачам, якія вырашаюць партыі і грамадзкія арганізацыі на масавых мерапрыемствах.
Прапанавалі мы і правядзеньне круглага стала зь віцебскімі дэпутатамі Вярхоўнага савету і каардынацыйным саветам па грамадзкім арганізацыях і палітычных партыях на тэму: «Узаемадзеяньне мясцовай улады і грамадзкасьці. Учора, сёньня, заўтра».
Але, мабыць, найгалоўнейшым было пытаньне пра самазанятасьць і ўвядзеньне спрошчанай сыстэмы рэгістрацыі. Мы спрабавалі былі данесьці да Віктара Нікалайкіна, што купля гадавога патэнту на пэўны від дзейнасьці было б выгадна і для дзяржавы, і для самазанятага грамадзяніна. З нашага пункту гледжаньня, набыты патэнт павінен вызваляць грамадзяніна ад рэгістрацыі і справаздачнасьці перад сацыяльнымі фондамі, надаваць легальны статус, фіксаваць працоўны стаж, пазбаўляць ад падатковых праверак. Для разьмежаваньня самазанятых і ІП прапануецца ўвесьці абмежаваньне ўзроўню дапушчальнага даходу па патэнце да 1200 рублёў і забарона наймаць супрацоўнікаў. Апошнім часам Андрэй Дзьмітрыеў зьяўляецца актыўным прапагандыстам гэтай ідэі ў сацыяльных сетках і на сустрэчах з грамадзянамі.
Тую акалічнасьць, што такая сустрэча адбылася, што ўлады пайшлі на дыялёг, ужо можна ацэньваць станоўча. У палітыцы кожны рух павінен пачынацца з двух бакоў, і нават маленькія крокі ў гэтым кірунку – ужо нейкі паказчык посьпеху.
Апроч таго, хацелася б верыць, што наша абласная арганізацыя будзе зарэгістраваная ня гэтак, як рэспубліканская – ня зь сёмай спробы. Спадзяюся, зрабіць гэта атрымаецца лягчэй.
А ў другой палове дня ў Віцебску прайшоў устаноўчы сход абласнога аддзяленьня арганізацыі. Стварэньне першай у краіне рэгіянальнай структуры і пляны яе рэгістрацыі сьведчаць пра структурную легалізацыю і сур'ёзныя намеры РІПА «Гавары праўду». Многія з прысутных на мерапрыемстве сябраў арганізацыі ўжо зараз заявілі пра свой удзел у выбарах 2018 году. На сходзе ў шэрагі грамадзкага аб'яднаньня было прынята больш за 20 новых чальцоў.
https://vitebskspring.org/news/dzjarzhava/item/2425-vitsebski-aktyvist-gavary-praudu-ulady-gatovyya-da-dayaljogu#sigProId541d5a6c35
С. Горкі