Серада, 25 Лістапад 2015

Справа «Аб пяці крыжох» раскрытая

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аддзел міліцыі Віцебскага раёну пастанавіў адмовіць актывісту партыі КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву ў распачынаньні крымінальнай справы па факце зьнікненьня пяці крыжоў, усталяваных у лесе паблізу вёскі Хайсы на меркаваным месцы расстрэлаў грамадзян падчас палітычных рэпрэсіяў у 30-х - 40-х гадох мінулага стагодзьдзя.

У кастрычніку Ян Дзяржаўцаў падаў у міліцыю заяву, у якой прасіў правесьці праверку па факце крадзяжу пяці драўляных крыжоў, устадяваных апазыцыянэрамі. Актывіст ацаніў сваю шкоду ў памеры пяцісот тысяч рублёў, бо менавіта такія сродкі былі выдаткаваныя ім на набыцьцё піламатэрыялаў і выраб зь іх крыжоў.

Падаўшы заяву, спадар Ян вырашыў разам з таварышамі па партыі агледзець месца зьнікненьня яго ўласнасьці. Падчас чарговага наведваньня ляснога масіву партыйныя актывісты на адлегласьці каля 70-ці мэтраў ад месца пахаваньня рэпрэсаваных знайшлі два зь пяці зьніклых крыжоў.

Прыкладна ў той самы час падчас правядзеньня агляду ляснога масіву супрацоўнікамі Віцебскага РАУС на адлегласьці каля 50-ці мэтраў ад месца пахаваньня былі знойдзеныя яшчэ два крыжы. Як было бачна, усе чатыры крыжы праляжалі на месцы іх выяўленьня працяглы час, пра што сьведчыла ямінка, што адбілася на зямлі.

Крыжы, знойдзеныя міліцыяй у выніку пошукавых мерапрыемстваў і правядзеньня праверачных дзеяньняў, пад расьпіску былі перададзеныя Яну Дзяржаўцаву. Пяты са зьніклых крыжоў знойдзены ня быў.

Аднак супрацоўнікі міліцыі працягнулі расьсьледаваньне. Для пошуку тых, хто мае дачыненьне да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў, былі правераныя асобы, якія былі судзімыя за карысьлівыя злачынствы, злоўжываюць сьпіртнымі напоямі і вядуць антыграмадзкі лад жыцьця, што пражываюць на тэрыторыі Мазалаўскага сельскага савету Віцебскага раёну.

З мэтай выяўленьня відавочцаў здарэньня былі апытаныя жыхары вакольных вёсак, прадстаўнікі пошукава-археалягічнага атраду, якія вялі раскопкі на месцы масавых пахаваньняў ва ўрочышчы Хайсы, а таксама работнікі Лосьвідзкага лясьніцтва і Мазалаўскага сельскага савету.

Аднак зробленыя захады па вышуку не прывялі да высьвятленьня асобы, якая ўчынiла крадзеж нязнойдзенага крыжа.

Трэба адзначыць, што прычынай адмовы ў распачынаньні крымінальнай справы ня сталася невысьвятленьне асобы, якая ўчынiла крадзеж асабістай маёмасьці палітычнага актывіста.

Сьледчы палічыў, што ў дзеяньнях асобы, якая аднесла чатыры крыжы на адлегласьць ад 50-ці да 70-ці мэтраў ад месца іх усталёўкі, адсутнічаюць склады злачынстваў, прадугледжаныя арт. 344 (наўмыснае разбурэньне, зьнішчэньне або пашкоджаньне помнікаў гісторыі і культуры), арт. 346 (абняслаўленьне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў) КК Рэспублікі Беларусь. Бо ў названых нормах аб'ектамі злачыннага замаху могуць быць толькі тыя, якія ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам аднесеныя да помнікаў гісторыі і культуры ў афіцыйным парадку. Крыжы, усталяваныя актывістамі КХП БНФ, да такіх аб'ектаў не належаць.

Таксама работнікі міліцыі палічылі, што адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны арт. 347 Крымінальнага кодэксу (абняслаўленьне трупа ці магілы), бо прадметам злачыннага замаху зьяўляецца пазначанае ў вызначаным парадку (зарэгістраваныя ў мясцовых выканаўчых органах могілкі, адзінотныя магілы) месца пахаваньня цела памерлага або загінулага чалавека, а таксама месца захоўваньня крэміяванага трупа ў калюмбарыі.

Што тычыцца нязнойдзенага крыжа, то міліцыянты ўпэўненыя, што ў дзеяньнях невядомай асобы, якая выкрала яго, адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны арт. 205 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (таемны крадзеж маёмасьці), паколькі кошт аднаго драўлянага крыжа складае сто тысяч рублёў, што не перавышае памеру дзьвюх базавых велічынь. Тым ня менш з раённага аддзелу ўнутраных спраў апазыцыйнаму палітыку паведамілі, што ў дзеяньнях невядомай асобы ўгледжваюцца прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага арт. 10.5 (дробны крадзеж) Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь.

Зыходзячы з вышэйпералічанага, намесьнік начальніка аддзелу крымінальнага вышуку Віцебскага РАУС маёр міліцыі Кавалёнак адмовіў Яну Дзяржаўцаву ў распачынаньні крымінальнай справы па факце зьнікненьня драўляных крыжоў - у сувязі з адсутнасьцю складу злачынства. Але паабяцаў, што ў выпадку выяўленьня асобы, якая ўчынiла крадзеж крыжа, які так і ня быў знойдзены, будзе вырашанае пытаньне аб прыцягненьні яе да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 10.5 Кодэксц аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь.

Віцебская вясна