Губэрнатар падкрэсьліў, што зь некалькіх дзясяткаў пытаньняў, што прагучалі, толькі некалькі – сапраўды сур'ёзныя, усе астатнія выкліканыя фармалізмам мясцовых уладаў.
«Спэцыялісты на месцах не працуюць з грамадзянамі, ня могуць уцямна растлумачыць заяўнікам, што рабіць, каб вырашыць праблему, альбо абгрунтавана патлумачыць, чаму пытаньне ня можа быць вырашанае. Гэта і выклікае незадаволенасьць і агрэсію ў заяўнікаў, якія тэлефануюць у аблвыканкам. Грамадзяне незадаволеныя тым, што не атрымліваюць адказаў на месцах. І гэтая праблема праходзіць чырвонай ніткай праз нашы наўпроставыя лініі», – сказаў Мікалай Шарстнёў. Ён запатрабаваў, каб старшыні райвыканкамаў і мэры гарадоў зрабілі больш жорсткім патрабаваньне са спэцыялістаў, якія працуюць са зваротамі грамадзян. Асабліва гэта тычыцца сфэры ЖКГ, якая застаецца адной з самых праблемных.
Не засталася ў баку гэтая праблема і падчас апошняй наўпроставай лініі. Жыхары Віцебску скардзіліся на тое, што ў склепе шматкватэрнага дому стаіць вада, у адным з населеных пунктаў Віцебскага раёну прарвала вадаправод і вада ўжо тыдзень разьліваецца па домаўладаньні, а вось у Чашніцкім раёне праблема супрацьлеглая – у адным з населеных пунктаў перабоі з вадой. Грамадзяне скардзіліся на тое, што самі прыбіраюць у пад'ездах, а ў жыроўках ім працягваюць выстаўляць рахунак за прыборку, казалі пра няспраўную вэнтыляцыю.
Абмяркоўваючы праблемы ЖКГ, губэрнатар даў даручэньне падрыхтаваць сьпіс самых праблемных дамоў у Віцебску (тых, жыхары якіх часта зьвяртаюцца на простыя лініі) з тым, каб на наступным тыдні асабіста пабываць на аб'ектах.
У цэлым падчас наўпроставай тэлефоннай лініі са старшынём аблвыканкаму было прынята каля 30 тэлефанаваньняў. Жыхары Віцебску казалі пра праблемы з працаўладкаваньнем, прасілі палепшыць транспартныя зносіны з новым мікрараёнам Мэдцэнтар, прасілі адвесьці іншыя ўчасткі пад індывідуальнае будаўніцтва (над атрыманымі праходзіць ЛЭП, якую зьбіраліся пераносіць, але так гэтага і не зрабілі), цікавіліся тэрмінамі завяршэньня будаўніцтва паліклінікі і ўмовамі вылучэньня пуцёвак у аздараўленчыя лягеры для дзяцей-сірот, зьвярталіся па садзейнічаньне ў атрыманьні жытла ў інтэрнаце.
Акрамя жыхароў абласнога цэнтру на наўпроставую лінію датэлефанаваліся грамадзяне з Наваполацку, Віцебскага, Чашніцкага, Глыбоцкага, Докшыцкага і Мёрскага раёнаў. Заяўнікі скардзіліся на дрэнныя дарогі, расказвалі пра праблемы зь зямельнымі ўчасткамі, узьнімаліся пытаньні прыватызацыі і будаўніцтва жытла, размова ішла пра павышэньне якасьці гандлёвага абслугоўваньня сельскіх населеных пунктаў. Востра прагучала праблема пасёлку Сураж Віцебскага раёну, які падзелены Дзьвіной на дзьве часткі. Моста тут няма, паром яшчэ не працуе – і гэта цягне вялікія невыгоды для жыхароў, а таксама спрычыняецца да вялізных транспартных выдаткаў для сельгаспрадпрыемстваў, якія апрацоўваюць палі на двух берагох.
Алена Ціханава, http://www.belta.by