Надыход каляндарнага лета моладзь Віцебску адзначыла флэш-мобам «Мокрыя войны», падчас якога змагалася ў гарадзкіх фантанах. Акцыя была арганізаваная праз сацыяльную сетку «УКантакце», дзе на адмысловую сустрэчу запісаліся больш за 700 чалавек, праўда толькі палова зь іх як стопрацэнтныя ўдзельнікі. Флэшмоб працягваўся паўгадзіны, а затым мокрую моладзь, якая весялілася, разагналі байцы палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня, якія прыбылі да фантанаў на двух аўтамабілях.
Удзел у разагнанай спэцназаўцамі акцыі бралі больш за сотню падлеткаў. Вадзяныя бітвы адбываліся ў фантанах на плошчы Перамогі. У якасьці зброі выкарыстоўваліся як вадзяныя пісталеты, гэтак і пустыя плястыкавыя бутэлькі і нават тазік. Калі ж бой пераходзіў у рукапашную, адзін аднаго проста купалі ў фантане.
Крыніца: Навіны.by