Аршанскія актывісты атрымалі адказы на заяўку на правядзеньне пікету за рамонт аварыйнага мосту. У адказах гаворыцца, што гарвыканкам не дазволіў пікет, бо не была атрыманая згода ад міліцыі і паліклінікі на ахову мерапрыемства. А міліцыя і паліклініка не пагадзіліся ахоўваць пікет, бо ня быў атрыманы дазвол з гарвыканкаму. Як адзначыў каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” ў Воршы Яўген Анішчанка, які больш за два гады змагаецца за рамонт аварыйнага мосту, ён мае намер падаць скаргі на забарону пікету ў суд.

Тры заяўкі на пікеты – па адной у адміністрацыю кожнага з раёнаў Віцебску – падаў праваабаронца Павал Левінаў. Правядзеньне пікетаў заяўленае ў месцах, адмыслова адведзеных мясцовымі ўладамі пад масавыя мерапрыемствы. У кожнай з акцыяў, згодна з заяўкамі, возьме ўдзел толькі адзін чалавек. І кожная зь іх будзе працягвацца… адну хвіліну. Усё гэта павінна адбыцца 10 сьнежня – у Сусьветны дзень правоў чалавека.

На прахадной ААТ “Полацак-Шкловалакно” ў пятніцу 15 лістапада быў выстаўлены сьцяг Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Прафсаюз распаўсюджваў сваё інфармацыйнае выданьне «Мнение профсоюза». Прафсаюзны інфармацыйны дакумэнт раздаваўся рабочым, якія ішлі на зьмену і са зьмены.

Цягам менш як месяца раённыя адміністрацыі Віцебску забаранілі 5 пікетаў, заяўкі на якія падавалі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў і Ян Талпыга. Усе акцыі забароненыя з аднолькавай прычыны: арганізатары ня выканалі рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 811 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”, бо не далучылі да сваіх заявак дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай.

3 лістапада сябры КХП-БНФ наведалі вёску Пагосьцішча, што ў Лёзьненскім раёне. Яны паднавілі надпіс на помніку, усталяваным тут у гонар Ігната Будзіловіча і безыменных касінераў паўстаньня 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, і зрабілі прыборку прылеглай тэрыторыі. Пасьля адбыўся мітынг, падчас якога прагучалі словы ў падтрымку незалежнасьці Беларусі. Напрыканцы ўдзельнікі імпрэзы ўшанавалі памяць Ігната Будзіловіча і яго паплечнікаў, што загінулі за гэтую незалежнасьць 150 гадоў таму, хвілінай маўчаньня.