Гэтым разам у Пагосьцішча прыехала і стваральніца помніку Лёзьненская краязнаўца Алена Іванаўна Грачышнікава. Менавіта яна 19 жніўня 2006 году разам з вучнямі школы, у якой тады выкладала, уласнымі рукамі паставіла помнік у гонар Будзілавіча і паўстанцаў яго атраду, якія загінулі ў тым баі. Праўда, помнік прыйшлося ставіць цэлых дзесяць гадоў. Першая спроба паставіць помнік скончылася тым, што камяні, сабраныя шкалярамі пры дапамозе калгасу, былі кімсьці расьцягнутыя. Праз 10 гадоў адбылася другая спроба паставіць помнік, і на гэты раз камяні ня толькі не былі расьцягнутыя, іх дапамагалі зьбіраць і мясцовыя жыхары. Мясцовы выканкам адвёў пляцоўку пад помнік на тым месцы, дзе была першая ў Лёзьненскім раёне царква.
Падчас імпрэзы ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніку, запалілі зьнічкі, чыталі вершы, у выкананьні Ўладзіслава Лепяшынскага было сьпета некалькі лірычных песень.
Крыніца: Орша.eu