Сёлетні праект распачаўся ў сакавіку – калона аўтамабіляў з удзельнікамі стартавала ў Мелітопалі. Гэты горад у Запарожжы адным з першых атакавалі расейскія войскі 24 лютага 2022г. 1 сакавіка ён быў акупаваны, і ў Мелітопалі прайшлі масавыя антырасейскія пратэсты. Падчас акупацыі было прызначана прарасейскае кіраўніцтва рэгіёна, у горадзе спынілася праца прадпрыемстваў, зачыніліся крамы, выраслі кошты на тавары першай неабходнасці. На вуліцах Мелітопаля пачалі ўсталёўваць плакаты з партрэтамі і выказваннямі Уладзіміра Пуціна, паставілі памятнік мясцоваму ўраджэнцу, генералу НКУС Паўлу Судаплатаву, сёлета ў красавіку акупацыйная адміністрацыя перайменавала каля двух дзясяткаў вуліц, надаўшы ім імёны Росгвардыі, Дар“і Дугінай, Сяргея Захарчанкі і гэтак далей...
Марш-эстафета «Наша великая Родина» прэзентуецца беларускімі дзяржаўнымі СМІ як «антыфашыстоўскі». Але больш дакладна ягоныя мэты акрэсліў расейскі каардынатар праекта Генадзь Сівак падчас аднаго з прыпынкаў на маршруце аўтакалоны: «Наш праект накіраваны на моладзь. Справа ў тым, што як у 1941-м годзе, так і зараз, калі наша краіна праводзіць спецыяльную вайсковую аперацыю, падзеі тых гадоў і цяперашнія вельмі падобныя. Прынамсі, у плане таго, што, як у 1941-м годзе, каля 40 краін Еўропы аб“ядналіся супраць нас». Падчас мітынгаў, якія арганізоўвалі ў Расеі падчас сустрэчы з удзельнікамі маршу, гучалі і больш радыкальныя выказванні. Да пракладу, дэпутат Мурманскай абласной думы Артур Папоў заявіў: "Тая спецыяльная вайсковая аперацыя, якая зараз праводзіцца, мае характар нацыянальна-вызваленчы, калі мы здымаем з сябе ўціск Амерыкі і НАТА. Апроч таго, гэта і барацьба з фашызмам. Фашызм зарадзіўся на ўкраінскай зямлі. На жаль, у 2014 годзе нам не ўдалося дапамагчы Данбасу ў поўнай меры, цяпер гэта адбываецца. Я ўпэўнены, што наша справа справядлівая і перамога будзе за намі».
Маршрут, па якім рушыць марш-эстафета, складае больш за 21 000 кіламетраў, ён праходзіць па 110 гарадах на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, Абхазіі, Паўднёвай Асетыі, Азербайджана, Казахстана і Беларусі – апрача Віцебску, удзельнікі праекту наведаюць Менск, Берасце, Магілеў і Оршу. У беларускіх гарадах носьбітаў антыўкраінскіх настрояў сустракаюць прадстаўнікі мясцовых уладаў, што сведчыць пра падтрымку расейскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны. Завяршыцца марш-эстафета «Наша великая Родина»мае ў Маскве 9 траўня.
Таццяна Віктарава