Вайскова-патрыятычны клуб «Гвардыя» з’явіўся ў СШ №45 невыпадкова. Па словах дырэктаркі школы Ірыны Лашаковай, туды трапілі «надзейныя» дзеці, пераважна тыя, хто дагэтуль займаўся ў складзе гуртка «Юнармеец». Паводле дырэктаркі, гурткоўцаў яшчэ называюць «маргелаўцамі» - з тае нагоды, што ў 2020-м годзе школе надалі імя Васіля Маргелава. І ўжо некалькі гадоў 103-я паветрана-дэсантная брыгада ладзіць са школьнікамі заняткі. Летась яны ўзялі ўдзел у мінскім парадзе да Дня Перамогі, дзяцей вучаць абыходзіцца са зброяй, ладзяць для іх заняткі па страявой падрыхтоўцы. Застаецца хіба дадаць, што менавіта Ірына Лашакова праявіла «грамадзянскую пільнасць» і справакавала масавыя затрыманні назіральнікаў і неабыякавых жыхароў мікрараёну ў дзень мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Увечары 9 жніўня 2020г. яна выклікала міліцыю, заўважыўшы ў двары школы «небяспечны» натоўп тых, хто хацеў найхутчэй даведацца вынікі падлікаў... АМАП зладзіў жорсткі «хапун». А праз некалькі дзён, 20 жніўня, былыя выпускнікі наладзілі беспрэцэдэнтную акцыю пратэсту: прынеслі і вывесілі на школьным плоце дыпломы і граматы, атрыманыя з рук тых, хто навучаў іх дабру і справядлівасці, а сам здрадзіў гэтым ідэалам. Пазіцыя выпускнікоў выразна прадэманстравала нязгоду з тым, як разумее «любоў і адданасць Радзіме» адміністрацыя навучальнай установы....
У дзень заснавання клубу «Гвардыя» выхаванцы (іх каля паўсотні чалавек, прычым палова складу – дзяўчаты) далі клятву на вернасць Айчыне. Для вучняў СШ№45 і іх бацькоў зладзілі выставу вайсковай формы і тэхнікі, накармілі «салдацкай кашай» з палявой кухні. Менавіта праз стварэнне дзіцячых вайскова-патрыятычных структураў у сучаснай Беларусі імкнуцца выхоўваць «патрыятызм», і гэтая маральная якасць чамусьці наўпрост звязваецца з уменнем сабраць і разабраць аўтамат ды навыку хадзіць строем.
Станіслаў Іваноўскі