Аляксандр Мамойка распавёў бешанковіцкай «Зары» пра «ЧВК Родан» і «офнікаў», а пракурор раёну Сяргей Урбановіч прыгразіў падлеткам пакараннямі за ўдзел у «супрацьпраўных дзеяннях». Непаўналетніх у такім выпадку чакае пастаноўка на адпаведны ўлік і прафілактычныя гутаркі, а тых, каму споўнілася 16, – адміністрацыйная адказнасць або нават накіраванне ў калонію, паведаміў пракурор. Самае ж жахлівае, паводле спадара Урбановіча, – што адміністрацыйнае ці крымінальнае пакаранне будзе занесена ў адмысловую базу, і стане перашкодай для паступлення ў профільную міліцэйскую навучальную ўстанову. Нібыта бешанковіцкія падлеткі толькі й мараць, каб стаць міліцыянтамі…
Выдатная альтэрнатыва моладзевым субкультурам – гэта БРСМ, лічыць першы сакратар раённай структуры Вольга Фіешка. Паводле ейных словаў, у шэрагі гэтай арганізацыі «прыходзяць людзі са сваімі ідэямі і прапановамі, неабыякавыя да навакольнага свету», яны шануюць гістарычную памяць і бяруць удзел у «правільных» мерапрыемствах, а не ў розных моладзевых тусоўках, далёкіх ад ідэалагічнага кірунку.
Яшчэ адзін эксперт, начальнік раённага аддзелу па адукацыі Мікалай Шыпуля, бачыць у існаванні субкультур палітычную небяспеку. На ягоную думку, наяўнасць прыхільнікаў «ЧВК Родан» у Беларусі сведчыць пра тое, што за беларускую моладзь «ідзе інфармацыйная вайна», бо падлеткі – лёгкая здабыча «для рознага кшталту правакатараў». Кіраўнік аддзелу адукацыі перакананы, што ў раёне робіцца ўсё, каб заняць моладзь цікавымі і карыснымі справамі, кшталту выхаваўчых і спартовых мерапрыемстваў.
Плён такой ідэалагічна-выхаваўчай працы «раёнка» прадэманстравала, апублікаваўшы і некалькі выказванняў старшакласнікаў. Праўда, яны мала падобныя да меркаванняў звычайных вясковых падлеткаў. Прыкладам, вучань 9-га класа Вульскай сярэдняй школы лічыць, што «ЧВК Родан» – гэта не што іншае, як фашызм у зародку. І калі даць гэтаму руху развівацца, то мы рана ці позна будзем у той сітуацыі, у якой апынулася наша краіна-суседка». Хлопец пытаецца ў «анімэшнікаў», якіх толькі што параўнаў з фашыстамі: «Ці вы хочаце, каб вашы дамы руйнаваліся пад градам снарадаў, каб атрымлівалі раненні і гінулі вашы блізкія? Вы хочаце баяцца кожнага новага дня? Ведайце, вы ўжо зрабілі першы крок да гэтага!»
Зрэшты, такі шалёны мікс з рознага кшталту ідэалагічных установак прадэманстраваў усяго адзін хлопец, якога працытавала газета «Зара». Астатнія традыцыйна казалі пра тое, што «прыярытэтнымі для моладзі з’яўляюцца адукацыя і здаровы лад жыцця», што «бацькі і педагогі дапамагаюць нам ацэньваць магчымыя рызыкі», і што «вось я люблю спорт, займаюся валейболам, і таму мне цяжка зразумець равеснікаў, якія ўступаюць у розныя групоўкі».
Юрый Ільін