Чацвер, 16 Чэрвень 2022

На праваслаўным фестывалі ў Віцебску прапагандуюць нацысцкую сімволіку?

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

На пляцоўцы каля Пушкінскага маста разгарнуліся павільёны ўдзельнікаў расейска-беларускага праваслаўнага фестывалю «Радасць». Адзін з такіх павільёнаў называецца «Когда мы едины – мы непобедимы!», у ім экспануецца фотавыстава, прысвечаная перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. На шэрагу тагачасных дакументальных фотаздымкаў, прызначаных для публічнай дэманстрацыі, ёсць выявы свастыкі ды іншай нацысцкай сімволікі. Паводле арт. 19.11 КаАП, за публічнае дэманстраванне падобных выяваў прадугледжаны штраф, грамадскія працы і нават арышт з канфіскацыяй прадметаў правапарушэння.

Зрэшты, да гэтага артыкула ў Адміністрацыйным кодэксе ёсць заўвага пра тое, што пад яго дзеянне не падпадае адукацыйная дзейнасць і правядзенне культурніцкіх мерапрыемстваў. Менавіта адукацыйную дзейнасць меў на мэце знакаміты віцебскі фотамастак і калекцыянер Віктар Барысенкаў, які сабраў некалькі дзясяткаў рэдкіх фотаздымкаў акупаванага Віцебска і выставіў іх асобным альбомам у Фэйсбуку. На некаторых фотаздымках, якія былі зроблены ў 1941-1944 гадах, сустракаліся выявы фашыстоўскай сімволікі. Што заканамерна, бо гэта дакументальнае фота, якое адлюстроўвае рэчаіснасць. Тым не менш, Віктара Барысенкава абвінавацілі ў прапагандаванні нацысцкай сімволікі і пакаралі арыштам на 7 сутак. Суддзя Уладзімір Царыкаў (суд Кастрычніцкага раёну Віцебску) не прыняў да ўвагі тое, што калекцыянер Віктар Барысенкаў даўно займаецца краязнаўствам і выкарыстоўвае гістарычныя здымкі гораду падчас сваіх лекцый, адну з якіх ён і прысвяціў якраз гісторыі Віцебску падчас Вялікай Айчыннай вайны…

Арганізатары фотавыставы на праваслаўным фестывалі зрабілі практычна тое самае – выставілі на ўсеагульны агляд гістарычныя фотаздымкі. Аднак, улічваючы інцыдэнт з пакараннем Віктара Барысенкава, здымкі са свастыкай трэба альбо прыбраць з экспазіцыі і пакараць тых, хто выставіў іх для публічнага дэманстравання, або прызнаць, што заканадаўства ў Беларусі дзейнічае выбарачна. І прыватную асобу за нібыта прапагандаванне нацысцкай сімволікі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці можна, а ўдзельнікаў імпрэзы, падрыхтаванай на дзяржаўным узроўні, за тое самае караць ужо не выпадае.


Станіслаў Іваноўскі