Раніцай 24 лютага мяне абудзіў мой малады чалавек і сказаў: «Не палохайся, але Кіеў бамбяць». Я тут жа патэлефанавала сваёй сястры Караліне, якая на той момант жыла ў Кіеве з маладым чалавекам. Літаральна двума днямі раней я была ў іх у гасцях і даведвалася, ці ёсць у іх план Б, калі нешта здарыцца.
Я не ўмею перажываць крызісы нічога не робячы. Мне складана жыць і ўсведамляць, што я нічога не кантралюю. Таму я адразу ж пачала шукаць карысную інфармацыю і дзяліцца ёй са знаёмымі, сябрамі, якія таксама, як мая сястра, спрабавалі выехаць з Украіны.
Потым я напісала вялікае паведамленне з карыснымі спасылкамі ў Telegram і стала ім дзяліцца ў розных гуртах і каналах. Гэта былі карты бамбасховішчаў, правілы бяспекі, спасылкі па аказанні дапамогі, афіцыйныя ўкраінскія каналы з актуальнай інфармацыяй, карта выезду. Але аказалася, што пры капіяванні паведамлення губляюцца актыўныя спасылкі і тады гэта ўжо не мае сэнсу.
Тады мы з калегі з Засаўкі сталі дзяліцца сваімі асабістымі кантактамі. Спачатку гэта былі знаёмыя знаёмых. Але вельмі хутка гэта ператварылася ў сапраўдную плынь запытаў.
Людзі звярталіся да нас па дапамогу, а мы шукалі інфармацыю па іх запыце. Напрыклад, дзе пераначаваць у такім горадзе ці пасёлку, па якой дарозе праехаць, якія дакументы патрэбныя для праезду праз мяжу і гэтак далей. Гэта былі вельмі розныя людзі: і беларусы, і ўкраінцы, і расіяне.
У моманце мы не маглі нават уявіць, дзе «шпацыруюць» нашыя кантакты. Мне пісалі жыхары маленькіх пасёлкаў ва Ўкраіне, аб існаванні якіх я нават не ведала. Канешне, для мяне гэта была яшчэ і асабістая гісторыя.
Бо мы з сястрой спачатку вымушана пакінулі Беларусь, перажылі пераслед, страцілі свой родны дом. А зараз вайна! Увечары 24 лютага мая сястра з маладым чалавекам выехалі на машыне ў Львоў, захапіўшы з сабой яшчэ некалькі чалавек. І толькі 1 сакавіка яны былі ў Польшчы.
З таго часу мая сястра з маладым чалавекам валанцёраць на мяжы Пшэмысля на паўднёвым усходзе Польшчы.
Эрік Пятроў