Правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права ляжаць у аснове мер рэагавання ЕС і аднаўлення пасля пандэміі COVID-19. Інвестыцыі ў правы чалавека, дэмакратыю, вяршэнства права і стварэнне грамадзянскай прасторы неабходны для аднаўлення і пабудовы больш дасканалых грамадставаў для цяперашняга і будучых пакаленняў. Ніхто не павінен быць пакінуты без увагі, ніводнае права чалавека не павінна ігнаравацца. ЕС нагадвае, што любыя абмежаванні правоў чалавека ў кантэксце пандэміі COVID-19 павінны быць строга неабходнымі, прапарцыйнымі, часовымі па свайму характару і недыскрымінацыйнымі.
Дзень правоў чалавека – гэта напамін для нас, што правы чалавека ўніверсальныя, непадзельныя, неадчужальныя, узаемазалежныя і ўзаемазвязаныя. Аднак гэты напамін нам і пра тое, што гэтыя правы нельга ўспрымаць як належнае і што іх неабходна пастаянна абараняць. ЕС будзе працягваць падтрымліваць універсальнасць правоў чалавека і праяўляць пільнасць у адносінах да любых спроб падарваць міжнародныя абавязацельствы. У Дзень правоў чалавека мы абавязваемся падвоіць нашы намаганні, каб праяўляць салідарнасць і ўзвышаць свой голас у падтрымку прыгнечаных і тых, хто знаходзіцца пад пагрозай, дзе б яны ні жылі. Наша салідарнасць і падтрымка распаўсюджваецца, у прыватнасці, на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, у тым ліку тых, з кім мы размаўлялі на Форуме ЕС па правах чалавека для недзяржаўных арганізацый 7-8 снежня.
На працягу 2021 года ў адпаведнасці з Планам дзеянняў у галіне правоў чалавека і дэмакратыі на 2020-2024 гады ЕС працягваў актывізаваць глабальныя дзеянні па абароне і ўмацаванні правоў чалавека ва ўсім свеце, у поўнай меры выкарыстоўваючы наш унікальны набор інструментаў. Упершыню ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб з Кітая, КНДР, Лівіі, Паўднёвага Судана, Эрытрэі і Расіі, якія маюць дачыненне да сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў, у рамках Глабальнага рэжыму санкцый ЕС у галіне правоў чалавека, прынятага летась. Акрамя таго, у 2021 годзе ЕС узначаліў форумы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека па ініцыятывах, накіраваных на барацьбу з парушэннямі правоў чалавека ў Афганістане, Беларусі, Бурундзі, КНДР, М'янме, Эрытрэі і Эфіопіі.
ЕС таксама пашырыў канкрэтную падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў для прасоўвання правоў чалавека і дэмакратыі ва ўсім свеце праз спецыяльную тэматычную праграму з бюджэтам больш за 1,5 мільярда еўра на перыяд з 2021 па 2027 год, пацвердзіўшы сваю ролю сусветнага лідара ў гэтай галіне.
Забеспячэнне правоў чалавека - гэта не толькі імператыў чалавечай годнасці; гэта краевугольны камень дэмакратыі, міру і бяспекі, а таксама ўстойлівага развіцця.