У 12.00 у Віцебску, як і ва ўсёй Беларусі, пачалася акцыя ўшанавання памяці аб менчуку Рамане Бандарэнку, які ўчора сышоў з жыцця пасля цяжкай аперацыі. Пасля затрымання на плошчы Перамен у Менску ён быў моцна збіты «ціхарамі». Выратаваць ягонае жыццё лекары не змаглі.
Каб развітацца і аддаць належнае герою, дзясяткі віцяблян усклалі 13 лістапада кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Нягледзячы на тое, што раён мемарыялу «кантраляваўся» супрацоўнікамі МУС у форме і без формы, людзі змаглі зладзіць хвіліну маўчання. Кветкі ў знак памяці аб загінулым беларусе гараджане прыносілі да помніка цягам усяго дня.
У гэты ж дзень каля 20 жыхароў Віцебску зладзілі ланцуг памяці каля катэдральнага касцёлу Езуса Міласэрнага на вуліцы Воінаў-Інтэрнацыналістаў. Людзі стаялі ў ланцугу са знічкамі, плакатамі і партрэтамі Рамана Бандарэнкі.
Праз паўтары хвіліны пасля пачатку акцыі да прыпынку насупраць касцёлу пад'ехаў міліцэйскі мікрааўтобус. Удзельнікі ланцугу былі вымушаныя адысці на тэрыторыю храма. Кветкі і знічкі паклалі да вялікага крыжу перад касцёлам. Міліцыянты фіксавалі ўдзельнікаў на відэакамеры.
Інфармацыя аб затрыманнях падчас акцый на вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў пакуль не пацвердзілася.
Зміцер Міраш