Серада, 02 Верасень 2015

Актывісты Аршаншчыны наведалі месца гібелі атраду Ігната Будзіловіча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Краязнаўцы Аршаншчыны наведалі вёску Пагосьцішча Лёзьненскага раёну, дзе знаходзіцца адзін зь нямногіх помнікаў паўстанцам Кастуся Каліноўскага. Атрад Ігната Будзіловіча змагаўся з расейскімі войскамі паўночней Воршы, няроўны бой з акупантамі каля Пагосьцішча стаў апошнім для касінераў. Яны былі разьбітыя, а іх лідэр - Ігнат Будзіловіч стаў адзіным паўстанцам, расстраляным у Воршы.

Ушанаваць памяць беларускіх герояў, якія не пабаяліся прыняць няроўны бой з ворагамі Радзімы, прыехала і настаўніца зь Лёзна Алена Грачышнікава, дзякуючы якой у Пагосьцішчы зьявіўся крыж у гонар інсургентаў. На пачатку на месцы сучаснага крыжа былі сабраныя камяні, але потым яны былі раскіданыя невядомымі. Цяпер на памятным месцы стаіць крыж. Краязнаўца і грамадзкі актывіст Алесь Шутаў правёў для гасьцей невялікі экскурс у гісторыю, прадстаўнік руху «За свабоду» Юры Нагорны нагадаў, што пісаў пра паўстаньне сам яго ініцыятар Кастусь Каліноўскі. На полі побач з крыжам адбыўся выступ барда Георгія Станкевіча.

Даведка. Аршанскі атрад пад кіраўніцтвам Ігната Будзіловіча. Касінеры, аб'яднаныя ў Аршанскі атрад, налічвалі каля 50 чалавек і бралі ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе. 26 красавіка таго году каля вёскі Пагосьцішча сучаснага Лёзьненскага раёну паўстанцы пад кіраўніцтвам Будзілавіча былі насьцігнутыя расейскімі войскамі ў колькасьці 90 чалавек. Паўстанцы былі вымушаныя адступіць за дом, дзе яны апынуліся на маленькай пляцоўцы, зь якой было складана весьці далейшы бой. У выніку бою былі ўзятыя ў палон 21 чалавек, 6 былі забітыя, 3 параненыя. Частцы атраду атрымалася ўцячы, але зноў яны ўжо не сабраліся. З боку расейцаў былі забітыя 2 чалавекі і адзін паранены. Сам кіраўнік Аршанскага атраду Ігнат Будзіловіч быў расстраляны ў Аршанскай турме 28 жніўня 1863 году.

Крыніца: Орша.eu