Нагадаем, што ранкам 3 траўня віцебскія “Маці 328” спачатку адмовіліся ад ідэі пачаць галадоўку зь меркаваньняў бясьпекі. Бо каля гарвыканкаму, куды хацелі аднесьці афіцыйную заяву аб пачатку галадоўкі, сутыкнуліся з перасьледам невядомых асобаў. Аднак увечары Натальля Шарыпа зьмяніла рашэньне.
“Учора, 3 траўня, на падыходзе да гарвыканкаму нас чакалі прыгожыя і бравыя хлопцы з фота- і відэакамэрамі, ў акулярах і кепках-невідзімках, якімі яны пэрыядычна абменьваліся, каб застацца неапазнанымі і незаўважанымі. Відаць, менавіта так выглядаюць, “нявызначыныя асобы”, якімі стракацелі справы нашых дзяцей… Гэта ж якімі небясьпечнымі сталі жанчыны, што на іх высылаюць аж восем дужых мужыкоў?..” – піша Натальля.
Напісала скаргу аб праслухоўваньні тэлефону
Удакладняе, што пра візыт у гарвыканкам з заявай аб пачатку галадоўкі ведалі толькі некалькі сябровак і журналістаў, якім паведаміла па тэлефоне.
“Пытаньне: чый тэлефон праслухоўваецца, кім выдаюцца санкцыі на дазвол гэтай “праслушкі” і на якіх падставах? Менавіта такую заяву я адпраўлю сёньня ў органы службы бясьпекі і МУС”, – заявіла Натальля Шарыпа.
У канцы паведамляе, што, нягледзячы на няўдалы паход у гарвыканкам, вырашыла-такі абвясьціць галадоўку 3 траўня. Заявіла пра гэта ў прамым этэры ў вечаровых навінах на тэлеканале “Белсат”.
“І ніякія спартовыя хлопцы ў кепках-невідзімках ня могуць мне гэта забараніць”, – падсумоўвае.
Галадаць будзе адна
Інфармацыю аб пачатку галадоўкі Натальля пацьвердзіла сёньня “Віцебскай Вясьне” па тэлефоне. Галадаць пакуль што будзе адна. Паведаміла таксама, што скаргу аб магчымай “праслухоўцы” тэлефона накіруе 4 траўня ў Міністэрства ўнутраных спраў. Афіцыйная заява аб пачатку галадоўкі будзе накіраваная ў Віцебскі гарвыканкам заказным лістом.
Нагадаем, маці і сваякі асуджаных паводле антынаркатычнага артыкулу 328 КК РБ абвесьцілі галадоўку 27 красавіка. Актывісткі “Матчынага Руху 328” ужо восьмыя суткі галадаюць у Калінкавічах і Пухавіцкім раёне (вёска Востраў). Пазьней да галадоўкі далучыліся маці з Магілёва і Віцебску, гатовыя далучыцца гарадзенкі.
Галадоўніцы патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам і амністыі для асуджаных паводле арт. 328.
Два дні таму (2 траўня) галадоўніцы сустракаліся з кіраўніцай адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай, але пасьля сустрэчы адмовіліся спыніць галадоўку. Як стала вядома, Качанава абяцала паскорыць унясеньне зьменаў у заканадаўства.
На 4 траўня, па ранейшай дамоўленасьці, была прызначаная сустрэча ўдзельніц “Матчынага Руху” з генпракурорам Беларусі, але, як паведаміла Радыё Свабода, гэтая сустрэча пераносіцца.
Зьміцер Міраш