7 траўня заканчваюцца 11-я суткі галадоўкі актывістак “Матчынага Руху 328” у Калінкавічах і Пухавіцкім раёне (вёска Востраў). Галадоўніцы – больш за 10 жанчын – патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам. Віцяблянка Натальля Шарыпа пачала галадаць 3 мая, але праз тры дні паведаміла, што спыніла пасіўны пратэст на карысьць больш актыўных дзеяньняў. У панядзелак 7 траўня яна выступіла са зваротам да народу.
“Мы ўжо не гаворым, а крычым!..”
У звароце Натальля кажа пра тое, што “маці асуджаных па арт. 328 пайшлі на крайнія захады не дзеля калецтва і не дзеля піяру якой-небудзь партыі ці руху”: “Мы далёкія ад палітыкі. Але абсалютна дакладна тое, што нам блізкія такія паняткі, як праўда і справядлівасьць. І мы ўжо не гаворым, а крычым пра парушэньні менавіта правапрымяняльнай практыкі”.
“Сёньня склаліся такія абставіны, калі мы вымушаныя шукаць спосабы абароны ад міліцыі”, – кажа Натальля Шарыпа.
“Патрабуем зьняць з пасады міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча за дапушчанае беззаконьне. Просім вас падтрымаць ініцыятыву маці аб правядзеньні амністыі для ўсіх асуджаных, неадкладных зьменаў у заканадаўстве і правядзеньня судовай рэформы”, – заклікае жанчына.
На якой падставе праслухоўваецца тэлефон?
Натальля Шарыпа расказала таксама, што накіравала на імя начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму Івана Кубракова, начальніка ўпраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці Сяргея Феакцістава і дырэктара віцебскага філіялу МТС заявы з просьбай паказаць ёй дакумэнты, на падставе якіх праслухоўваецца яе тэлефон.
Тлумачыць у заявах, што да высновы аб праслухоўцы прыйшла пасьля інцыдэнту, які здарыўся 3 мая 2018 году каля будынку Віцебскага гарвыканкаму, куды яна хацела аднесьці заяву аб пачатку галадоўкі.
Акрамя таго, Натальля Шарыпа зьвярнулася да памочніка прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці Аляксандра Субоціна і старшыні аблвыканкаму Мікалая Шарсьнёва, каб паведамілі, якія захады робяцца імі ў сувязі з галадоўкай маці асуджаных паводле арт.328. Просіць таксама прыняць меры, каб спыніць ціск, які ажыцьцяўляецца зараз на дзяцей галадоўніц у папраўчых калёніях.
Зьміцер Міраш