Пятніца, 05 Ліпень 2013

Павал Севярынец: «Плюшавы дэсант» прадэманстраваў ілжывасьць рэжыму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Севярынец Павал Севярынец

Год таму швэдзкія пілёты скінулі над тэрыторыяй Беларусі каля тысячы плюшавых мядзьведзікаў зь лёзунгамі ў падтрымку свабоды слова. Сьмелая і яскравая акцыя паказала ня толькі хібы сыстэмы СПА краіны, але і тое, як беларускія ўлады рэагуюць на непажаданую ім інфармацыю. Пра гэта заявіў палітвязень Павал Севярынец, камэнтуючы гадавіну «плюшавага дэсанту».

«Акцыя выглядала эфэктна. Яна прадэманстравала, што хвалёная беларуская сыстэма СПА, якой Лукашэнка хваліўся перад Расеяй, аказалася дзіравай. Людзі з Захаду даказалі, што змагаюцца за дэмакратыю, як могуць, а рэжым пацьвердзіў, што замоўчвае інфармацыю, хлусіць і фальсыфікуе. Вядома, акцыя швэдаў з плюшавымі мядзьведзікамі вельмі парадавала», - лічыць Павал Севярынец.

Лёгкаматорны грамадзянскі самалёт, пілятаваны двума падданымі Швэцыі, супрацоўнікамі швэдзкай рэклямнай агенцыі Studio Total Тумасам Мадзэцьці і Ганнай Лінай Фрэй, 4 ліпеня 2012 году перасёк з боку Летувы мяжу Беларусі і параскідваў над Менскам і Івянцом плюшавых мядзьведзікаў з заклікамі да свабоды прэсы ў краіне. КДБ Беларусі распачаў крымінальную справу па факце незаконнага перасячэньня мяжы, былі затрыманыя двое беларускіх грамадзян. Пасьля яны былі вызваленыя пад падпіску аб нявыезьдзе.

31 ліпеня Лукашэнка вызваліў ад пасады старшыні Дзяржпагранкамітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА Зьмітра Пахмелкіна, шэрагу кіраўнікоў сілавых структур былі абвешчаныя вымовы. У жніўні мінулага году зь Менску таксама выгналі швэдзкага амбасадара.

У лютым стала вядома, што Гродзенскі міжгарнізонны ваенны суд прысудзіў да двух гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму памежніка ў званьні прапаршчыка, які не паведаміў пра парушэньне дзяржаўнай мяжы швэдзкім самалётам. Ён быў прызнаны вінаватым паводле ч.2 арт.453 (парушэньне правілаў нясеньня памежнай службы) Крымінальнага кодэксу Беларусі. 28 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі завяршыў расьсьледаваньне справы аб «плюшавым палёце». Швэдзкія пілёты сталі ляўрэатамі Нацыянальнай прэміі «Хартыі’97» у галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.

Крыніца: Хартыя'97