Паказальна, што на наступны дзень пасля затрымання актывісткі на «Нафтане» правялі ідэалагічны сход з удзелам кіраўніка КДБ Івана Церцеля. На сходзе вялося пра неабходнасць мацаваць унутраную дысцыпліну, каб супрацьстаяць унутраным і знешнім ворагам. Да ліку ўнутраных залічаны «дэструктыўныя сілы», куды, відавочна, прадстаўнікі ўлады адносяць і Вольгу Брыцікаву, і недзяржаўныя прафсаюзы, і ўсіх грамадскіх актывістаў.
Да небяспекі пагрозаў «знутры» дадаюцца знешнія пагрозы. Пра гэта казаў намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Ігар Кароль. Ён зазначыў, што Беларусь – мірная краіна, але армія гатова бараніць радзіму ў выпадку неабходнасці. Дзеля гэтага вайскоўцы выконваюць задачы баявога дзяжурства ва ўзмоцненым рэжыме, працуе выведка, прадугледжаны захады супрацьстаяння вайсковым правакацыям у памежнай прасторы.
Работнікі «Нафтана» адзначаюць, што візіт сілавікоў, найверагодней, звязаны з узмацненнем пратэстных настрояў на прадпрыемстве. І што Вольгу Брыцікаву адмыслова затрымалі напярэдадні сходу. Да слова, якраз гэтымі днямі жанчына чакала сына, які мусіў вярнуцца з войска.
Таццяна Віктарава