Пятніца, 10 Студзень 2020

Чарговая хваля: будуць судзіць удзельнікаў віцебскага пікету за незалежнасьць

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Акцыя ў падтрымку незалежнасьці Беларусі адбылася ў Віцебску 29 сьнежня 2019 году. Цяпер на ўдзельнікаў пікету складаюць адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Даты некалькіх судоў ужо вядомыя.

Адным зь першых паведамленьне аб тым, што супраць яго вядзецца адміністрацыйны працэс, атрымаў віцебскі актывіст Уладзімер Кійко. Пратакол паводле ч.3 арт. 23.34 быў складзены 9 студзеня маёрам Андрэем Зуевым.

«У руках трымаў плякат з надпісам «незалежнасьць» і плякат з надпісам «Лукашэнку зь яго бандай – ганьба! Абаронім краіну! Не – інтэграцыі!», выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Незалежнасьць!» – напісаў у пратаколе міліцыянт. Гэтым, на яго думку, актывіст парушыў «парадак правядзеньня пікетаваньня».

«Супрацоўнік міліцыі, зь якім я размаўляў па тэлефоне і які складаў пратакол, спытаў у мяне, ці быў я на плошчы Перамогі 29 сьнежня а 12-й гадзіне. Я не адмаўляў. Бо ня бачу ў гэтым нічога супрацьзаконнага. Наадварот, лічу сваім абавязкам грамадзяніна адкрыта выказваць свае меркаваньні і асьцярогі наконт магчымай анэксіі. Калі незалежнасьць пад пагрозай, мы ня маем права маўчаць!» – сказаў «Віцебскай Вясьне» Уладзімер Кійко.

Разгляд справы адбудзецца ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 17 студзеня ў 10.00.

Прохараў, Севярынец, Паўлаў…

Як стала вядома, пратаколы складзеныя і на іншых удзельнікаў акцыі. Гэтак, суд над Аляксеем Прохаравым адбудзецца 15 студзеня (пачатак –а 10-й). Нагадаем, 26 сьнежня Аляксея аштрафавалі на 127 рублёў за рэпост у сацыяльных сетках.

Таксама ў міліцыю выклікалі Тацяну Севярынец, але ў Віцебску яе не было – дата суду пакуль невядомая.

Яшчэ аднаму ўдзельніку акцыі Алегу Паўлаву паведамілі, што ў дачыненьні да яго вядзецца адміністрацыйны працэс. Дата суду яшчэ ня вызначаная.

Акцыя ў падтрымку незалежнасьці прайшла ў Віцебску 29 сьнежня 2019 году. У той дзень, каб выказаць сваё нэгатыўнае стаўленьне да магчымай інтэграцыі з Расеяй і ў падтрымку незалежнасьці Беларусі, выйшлі на плошчу Перамогі каля 15 актывістаў. Акцыю здымалі на відэакамэру людзі ў цывільным. Хутчэй за ўсё, іх запісы будуць дэманстравацца ў ходзе судовых пасяджэньняў у якасьці доказаў.

«Віцебская Вясна» адсочвае сытуацыю.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.