Аршанскі блогер Дзьмітрый Казлоў быў затрыманы 26 сьнежня і асуджаны за ўдзел у акцыях за незалежнасьць Беларусі. 10 студзеня над ім меўся адбыцца яшчэ адзін суд у Менску. Але 9 студзеня, па сканчэньні 15 содняў арышту, «Шэрага Ката» ня вызвалілі.
Як паведамляюць актывісты кампаніі «Эўрапейская Беларусь», вызваленьня блогера ў чацьвер 9 студзеня чакалі каля аршанскіх ІЧУ і РАУС 25 ягоных паплечнікаў, але «Шэрага Ката» ня выпусьцілі.
«Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся даваць інфармацыю, дзе адбывае арышт Дзьмітрый, зь якой прычыны адбывае і калі выйдзе на свабоду. У той жа час па тэлефоне адказвалі, што Дзьмітрыя Казлова ў іх няма і ягонае месцазнаходжаньне ім невядомае», – паведаміла «Эўрапейская Беларусь».
Толькі позна ўвечары (21.40) адзін з супрацоўнікаў аршанскага ІЧУ паведаміў актывістам, што ў Казлова маецца яшчэ адна пастанова аб арышце.
Праваабарончая служба грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» высьвятляе акалічнасьці.