Пятніца, 10 Студзень 2020

У Дуброўне пакаралі штрафам Натальлю Стрэльчанку – на 25 базавых

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Натальля Стрэльчанка Натальля Стрэльчанка

Судзьдзя Дубровенскага райсуду Марыя Цыклінская аштрафавала 10 студзеня мясцовую актывістку партыі «Народная Грамада» Натальлю Стрэльчанку на 25 базавых велічынь (675 рублёў) – за ўдзел у менскіх акцыях за незалежнасьць. Яна прызнаная вінаватай у правапарушэньні паводле ч.1 арт.23.34 КаАП.

20 сьнежня 2019 году актывістка Натальля Стрэльчанка выйшла на плошчу, каб разам зь іншымі ўзяць удзел у мітынгу супраць магчымай інтэграцыі Беларусі і Расіі, а 26 сьнежня на яе склалі адміністрацыйны пратакол.

«Актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу з мэтай публічнага выказваньня свайго пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, падчас якога выкрыквала лёзунгі «Жыве Беларусь!» – так запісаў у пратакол супрацоўнік міліцыі Віталь Тарлюк.

Па словах актывісткі, «суд прайшоў фармальна, а вынік быў відавочным».

«Мне прысудзілі штраф за тое, што прысутнічала на мірным сходзе супраць інтэграцыі з Расеяй, за тое што выканала свой грамадзянскі абавязак, абараняла незалежнасьць Беларусі!» – заявіла пасьля суду Натальля.

Выказваючы сваю нязгоду з рашэньнем суду, актывістка напісала пасьля працэсу заўвагі ў кнігу скаргаў. Актывістка лічыць, што рашэньне судзьдзі незаконнае і ёсьць «перасьледам з палітычных прычынаў за грамадзянскую пазыцыю».

Нагадаем, на леташніх парлямэнцкіх выбарах Натальля Стрэльчанка ўдзельнічала як кандыдат ад партыі «Народная Грамада». Пратэст супраць магчымай інтэграцыі з Расеяй быў адным з ключавых пунктаў яе перадвыбарчай праграмы.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.